Дзеці Аліндаркі. Альгерд Бахарэвiч

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахарэвiч страница 14

Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахарэвiч

Скачать книгу

Лёся. – Але ж ён амаль новы. Прыгожы. І тут надпіс па-нямецку. Зроблена чалавекам, зроблена зь любоўю, зроблена для людзей”.

      “Так, – сказаў Лёччык. – Яго купілі зусім нядаўна ў Швайцарыі”.

      “Нейкі ты ня рады”, – Лёся села і пачала чысьціць пазногцямі пальцы ног, паміж якіх набілася розных чорных істотаў.

      “Я знайшоў востры нож, – сказаў Лёччык з гордасьцю. – Але ня толькі нож. Нож быў у ягонай кішэні”.

      Лёччык павёў яе ў гушчар, і там яна пераканалася на ўласныя вочы: нож быў у кішэні. У кішэні чалавека, які ляжаў, апусьціўшы твар у маленькае балотца, быццам піў ваду. Побач акуратна стаяла вядро, напалову поўнае прыцярушаных ігліцай і лісьцем грыбоў. Чалавек быў у непрамакальнай куртцы, на нагах ягоных былі рыбацкія боты, а па сьпіне чалавека, па ягонай патыліцы, па валасах поўзалі малыя і вялікія сьляпыя лясныя дотыкі. Чалавек піў – і ніяк ня мог напіцца. Мяркуючы па тым, што пальцаў ягоных ужо не было відаць, настолькі глыбока яны ўгрузьлі ў вільготнай зямлі, ён піў ужо некалькі дзён.

      “Нож тырчаў у яго з кішэні, – сказаў Лёччык. – А вось тут у яго была кроў. Праўда? Лёся, праўда?”

      Яна не адказвала. Глядзела, як чалавек п’е ваду. А вады меней ня робіцца.

      “Мы ня будзем яго пераварочваць на сьпіну”, – сказала Лёся.

      “А я хачу перавярнуць”, – сказаў Лёччык.

      “А мы ня будзем”, – сказала Лёся пагрозьліва. І паказала яму свае адрослыя кіпцюры.

      “Аддай мне мой нож”, – прамовіў Лёччык, азіраючыся.

      “Гэта ня твой, – сказала Лёся. – Можаш завастрыць ім сваю палку, а потым пакладзі, дзе ўзяў”.

      “А калі не пакладу?” – Лёччык крыкнуў гэта, амаль з сапраўднай злосьцю.

      “Тады… – Лёся задумалася. – Падай! На зямлю! Падай, дэбіл!”

      Ён паваліўся побач зь ёй – і вельмі своечасова. Рыхтык дзьве вавёркі, склаўшы пярэднія лапы, яны назіралі, як на лясной дарозе, што схавалася за мэтр ад іх, зьявіўся трактар, які цягнуў за сабой доўгі кодаб, нагружаны бярвеньнем. Праваліўшыся ў мох і чарнічныя кусты, яны ўявілі сябе грыбамі – і гэта дапамагло, трактарыст іх не заўважыў. Ён глядзеў проста перад сабой, на лясную дарогу, якую бачыў толькі ён, і нячутна варушыў вуснамі. Трактар марудна праплыў міма таго месца, дзе ляжалі Лёччык і Лёся, падрыгваючы, быццам вялікая рыбіна ў туманным возеры, прагрымела даўгое бярвеньне, вылаяліся вялікія колы, падганяючы наперад малыя. Трактар ехаў паўзь іх цэлую вечнасьць. Грукат рабіўся ўсё гучнейшы. Можна было падумаць, ён едзе проста панад імі. Быццам яны сядзяць у яміне. Ваўчынай яміне.

      “А дзе ты знойдзеш тую костку?” – спытала Лёся, калі яны прабіраліся праз гушчар. Камароў рабілася ўсё болей, як і сонца, а вось сілы ў нагах і руках – усё меней. Ясная рэч, гэта таму, што яны прымаюць вітаміны, падумала Лёся. Падумаўшы пра вітаміны, яна ледзь не падавілася – з рота пацёк сок, а можа, сьліна. Зямля іх больш ня клікала – але і слухалася ўсё больш неахвотна. Лёччык дык наогул неяк дзіўна кульгаў.

Скачать книгу