Дзеці Аліндаркі. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахарэвiч страница 15
“А ты ведаеш, што пагранічны сабака ня вые?” – сказала яна аднойчы, калі бацька забраў яе ля школьнай брамы і яны пайшлі піць малочны кактэйль.
Бацька тады паглядзеў на яе так дзіўна, але вельмі хутка зьдзіў зьмяніўся разуменьнем.
“Ведаю”.
І яна супакоілася.
Цяпер, калі яе званітавала, ёй стала так лёгка, што яна падхапіла Лёччыка за руку і пацягнула яго за сабой. І, здавалася, за некалькі скачкоў яны прайшлі калючы лясок – і нечакана апынуліся на беразе возера.
Доўгага возера, якое выцягнулася сярод лесу, як зьмяя. Зьмяя са сьлізкай, роўнай, прыемнай на дотык луской.
“Човен”, – сказаў Лёччык.
“Човен”, – сказала Лёся.
Гэта і праўда быў човен, з адным вяслом, якое ўладкавалася ў ім, як пяро ў чарніліцы. А сам човен ляжаў на беразе, зусім блізка каля багністай ціны – як быццам выплыў з глыбіні паляжаць на сонцы. Чорны човен, на дне якога калыхалася поўная неба, малькоў і адбіткаў вада. Лёччык ухапіўся за край чоўна, упёрся босымі пяткамі ў пясок, паднатужыўся – і разам з чоўнам вылецеў у адкрыты космас возера. Быццам усё жыцьцё гэтым займаўся. Лёся дагнала іх і, ледзь не перакуліўшы, запоўніла човен сваімі каленкамі.
“А ты пэўная, што нам у той бок? – спытаў Лёччык, спрытна ўпраўляючыся з доўгім вяслом. – На той бераг?”
Лёся падумала, што ёй трэба сказаць яму праўду. Бо ён жа яе брат, ну і наогул – заслужыў.
“У возера няма таго берагу, – сказала яна. – Гэта ж не рака, Лёччык. У возера кожны бераг – той”.
Яна пабачыла, што ён зразумеў. І ёй зрабілася так прыемна. Пацалаваць яго, ці што?
“Лёччык, хочаш, я цябе пацалую?”
“Не хачу”, – сказаў Лёччык, павярнуўшы да сонца сваю дурацкую ўсьмешку.
“Тады давай сьпяваць”.
Гэтая ідэя была Лёччыку дадушы. Не згаворваючыся, яны зацягнулі песьню, якую раней ніколі не сьпявалі. Але аднекуль жа яны яе ведалі. Гэта таму, што мы брат і сястра, падумала Лёся. Яна была шчасьлівая, бо тут, у лесе, на ўсё вельмі хутка знаходзіўся адказ.
Па шчырасьці, першым зацягнуў Лёччык. А яна падхапіла. Бо словы ёй былі знаёмыя, а музыка плыла за іхным чоўнам – толькі пасьпявай падглядваць, падпяваць, пераймаць.
“Я-а-ак я толькі…” – пракрычаў Лёччык, расьцягнуўшы на ўвесь прастор гэтае галасістае першае “як”, а “я толькі” былі прамоўленыя хутка, рашуча. І павёў далей, махаючы вяслом у такт, выкідваючы наперад рукі:
“На-ра-дзіў-ся…”
“Ска-а-азаў бацька…” – зацягнула разам зь ім Лёся, і далей яны ў адзін голас прагудзелі:
“Кеп-ска-бу-дзе…”
І цяпер ужо яны працягвалі ва ўнісон, так, што далятала да берагу, які паўсюль быў той, і таму ім няважна было, дзе прычальваць:
“Ды-ы-ык жа ж і не…
Па-мы-ліў-ся…”
“Зьдзе-е-кавалісь!!!”