Дзеці Аліндаркі. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахарэвiч страница 13
Ён зрабіў выгляд, што паверыў.
“Шнітка дык шнітка. Бывае. Як мая бабка казала…”
І тут ён прамовіў яе – прымаўку. Нашую прымаўку. Цяжка пазнавальная, да немажлівасьці скажоная ягоным грубым, чужым вымаўленьнем – калі б ня мой абсалютны слых, дык нізавошта б не здагадаўся, але гэта была яна.
“Вось так яна, бабка, і казала. Але ўсё гэта даўно вымерла. Час ня той, усё аб’ядноўваецца. Адна краіна, адзін Язык. А што ня хоча яднацца, або ня хоча мець адзін Язык – вымірае. Скажы, Сія? Цябе Сісяй у школе ня дражняць? Разумее ж, па вачох бачу, але сказаць нічога ня можа, як сабака. Нічога, загаворыш і ты. Калі на нас націснуць, мы ўсе загаворым, такая ў нашага народу натура. Ты ў бэйсбол гуляеш? Шкада. Гэта ж наша гульня, спрадвечная. Тая самая лапта! Маглі б згуляць неяк. Ну, ладна, пайду. А ты ня шніткай тут больш, добра?” Ён усьміхнуўся, схапіў Сіа за шчаку і патрэс, памацаў, быццам хацеў праверыць якасьць матэрыялу, зь якога яна зробленая, а потым пругка пабег па сходах наверх. Я зачыніў дзьверы, узяў Сіа за руку і адвёў у яе пакой. Мы селі так, як любілі – яна на канапе, я каля яе ног, вочы ў вочы. Двое зачараваных у краіне цмокаў і замкаў.
“Ён цябе ня надта напалохаў?”
“Не, – сказала Сіа і адвярнулася. – Але чаму ён прыходзіў? Ён падумаў, што я плачу? Я правільна зразумела яго Язык?”
“Так. Але абяцаю, ён больш ня прыйдзе”.
“Але чаму ён так падумаў?” – прашаптала яна, зноў вяртаючыся ў мае вочы, зноў трапляючы ў іх, як пылінка, якую можна толькі выплакаць.
“Бо ён глухі. Глухі і нямы. Я ж табе кажу, абяцаю, ён больш ня прыйдзе”.
“А што такое “ня шніткай?”
“Нам з табой не абавязкова гэта ведаць, – сказаў я. – Нам важна не забываць, што… Чаму я вучыў цябе, што нам трэба памятаць?
“Я не забыла, але…”
“У нас ёсьць маленькая таямніца. У цябе і ў мяне ёсьць адна таямніца. Адна на дваіх. Не забывай пра гэта”, – я пагладзіў яе па плячы.
Яна кіўнула, паглядзеўшы на свае кнігі – ня тыя кнігі, якія для маскіроўкі, а сапраўдныя. Нашыя любімыя.
“Я прыдумала, хто я. Я Лёся. Лёсік – гэта калі хлопчык. А дзяўчынка – Лёся”.
І тут яна заплакала – і мне нічога не заставалася, як называць яе так, як яна хацела. Прынамсі, дома.
4. Пайду, пашукаю нешта вострае
“Пайду, пашукаю нешта вострае”, – сказаў ёй Лёччык і зьнік за дрэвамі. У ягонай руцэ быў доўгі кій, і Лёччык быў апантаны ідэяй зрабіць яго вострым, як дзіда – каб ня толькі абапірацца падчас хадзьбы, але і кідаць па мішэнях.
Лёся засталася адна і легла жыватом на прахалодны мох, разгарнуўшы атлас. На яе адразу нехта ўзьлез, малюсенькі, спалоханы, адшукаў цёплую паху, пачаў бегаць па скуры – быццам чалавечы дотык, які вырашыў уцячы з-пад кантролю і зажыць сваім жыцьцём. Сьляпы чалавечы дотык, асуджаны натыкацца на людзей. Дотык, які мае цэлы набор казытлівых ножак. Лёсі не хацелася яго скідваць. Дотыкі не жывуць доўга, яны паміраюць, як толькі іх прысабечваюць. Адкуль яна гэта ведала?
Магчыма,