Ніякай літасьці Альгерду Б.. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ніякай літасьці Альгерду Б. - Альгерд Бахарэвiч страница 5
Кіроўцы пляваліся, але нічога не маглі зрабіць з чалавекам-сабакам. Бо той шторазу сумленна плаціў за праезд. Прабіўшы талёнчык, маладзён уладкоўваўся каля іхных пракураных кабінаў, у той самай высакароднай паставе, і аддана глядзеў скрозь шкло на разьюшаных стырнавых – пёс-рыцар дзевяностых, гатовы ахвяраваць усім дзеля сваёй веры і любові, найлепшы сябра чалавека, чатырохногі рамантык невядомай пароды.
Цёткі і дзядзькі зь Енісейскай называлі яго “Верны”. Ласкавая, калі падумаць, мянушка. Яму падабалася. Неўзабаве ён некуды зьнік. Ці то навечна застаўся ў бакавым люстэрку якога-небудзь ікаруса, ці то яго палічылі за пагрозу для грамадзтва і ізалявалі – ці то проста ён пераблытаў аўтобусы, заехаў не туды і так і ня здолеў вярнуцца на Енісейскую. Ён ніколі не зрабіў нікому нічога благога. Сьмяшыў дзяцей і дарослых, яго шкадавалі. Самае страшнае, што магло зь ім здарыцца – гэта здароўе. Ці перажыў бы ён у гэтым выпадку яшчэ раз гэткае самае ўзрушэньне?
Я сапраўды яму зайздросьціў. Так зайздросьцяць толькі кумірам і старэйшым братам. Бо ён мог вось так, а я не. Ну, хіба што скарыстаўшы якія-небудзь стымулятары. Дый тое для мяне гэта ўсё роўна была б Такая Гульня – а для яго гэта быў сэнс існаваньня.
А вось да некаторых пасажыраў гамбурскага мэтро зайздрасьці было ўжо паменей. Напрыклад, да той дзяўчыны студэнцкага ўзросту, якая звычайна выходзіла на станцыі Дамтор. Яна магла вывучаць што заўгодна: матэматыку, расейскі мат або этнасацыяльную марматалёгію, у ейнай торбе заўжды было напхана з тузін самых розных кніжак. А яшчэ там, паміж кніжак, над хвалямі сінеючага шаліка, побач з сырой моркаўкай, ляжала непрыкметная такая плястыкавая скрыначка. Дзяўчына садзілася ля акна, абгрызала зубамі пазгногці і акуратна скаладвала іх у скрыначку. Калі пазногцяў набіралася дастаткова, яна брала жменьку-другую, клала іх у рот і пачынала задуменна жаваць.
Пазногці храбусьцелі. Я азіраўся. Сьвет поўніўся небясьпекай і вусьцішшу. Пасівелы смуглявы чалавек бегаў па вагоне, з канца ў канец, і зазіраў кожнаму з нас у вочы, хапаўся за галаву, твар ягоны скажала грымаса самага сапраўднага болю. Магчыма, мы яму не падабаліся. Магчыма, ён не пазнаваў нас. Магчыма, ён нас ненавідзеў. Чаму? За што? Нічога не прадвяшчала бяды, быў сонечны дзень, вайна была далёка на поўдні, эўра цьвіў і пахнуў і цягнік рухаўся паводле раскладу. Урэшце неспакойныя перамяшчэньні гэтага небаракі давялі да гістэрыкі нейкую пэнсіянэрку, і яна пачала крычаць. Ёй не хацелася жыць там, дзе