Ніякай літасьці Альгерду Б.. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ніякай літасьці Альгерду Б. - Альгерд Бахарэвiч страница 6
Варта падумаць пра ўсіх гэтых людзей, як яны зьлятаюцца да цябе, як пчолы на мёд. Яны побач, абсалютна бясплатна і ледзь ня кожны дзень. А як інакш, калі ўсё навокал так прывідна і хістка?
У кілямэтры ад нашага дому – стары менскі аэрапорт. Галоўны ўваход зачынены, але кавярня працуе. Паперка на дзьвярах папярэджвае пра дрэс-код і абяцае фэйс-кантроль. Старасьвецкае акно на ўсю сьцяну, якое наводзіць на думкі пра вітражныя хрыстовы страсьці, сходы, па якіх магла б падымацца Маргарыта на воляндавым балі. Савецкая ляпніна, асалавелая лапезнасьць ва ўсім, паўзмрок, накрухмаленыя сурвэткі, высокія сталінскія столі, строга сымэтрычна расстаўленыя сталы – і ніводнага наведніка. Прасторная заля – абсалютна пустая. Вазачкі з марозівам, падобныя да высахлага фантану ўнізе перад аэрапортам.
А людзі ў вас бываюць? – пытаемся мы афіцыянтку.
Яшчэ ня вечар, – адказвае яна злавесна. Хаця даўно ўжо вечар і нават прыцемкі. Са сцэны пачынае стагнаць нейкае архаічнае тэхна. І ты пачынаеш дадумваць: вясёлых камандзіровачных, якія шумелі тут некалі, закусваючы катлетамі па-кіеўску. Шэратварых чыноўнікаў, што змагаюцца з боязьзю пералётаў уседаступным каньяком. Дзяцей, якім так хочацца паглядзець на іхны Ту, а іх трымаюць тут і таму яны штохвіліны просяцца ў туалет. Круглых афіцыянтачак, якія коцяцца бачком паўз шчасьлівыя твары падарожных. Здаецца, ты чуеш рэха іх галасоў, “шуткі-смех-веселье”, гэта ты ладзіш ім фэйс-кантроль і вызначаеш дрэс-код няіснай ужо эпохі. І “вар’яцтва душу ахінае, закалыхвае і спавівае”…
Я зайздрошчу волі вар’ятаў. Я амаль люблю таго дзівака, які ляжаў учора пад акном у траве і маліўся сваім багам – голасна, як паўночнакарэйскае радыё. Я памятаю Пісьменьніка – лысага, з кругамі пад вачыма, ён сядзеў у тралейбусе і ўвесь час нешта пісаў асадкай, ён сьпісваў адзін нататнік за другім і складваў іх у партфэль; аднойчы я зазірнуў яму праз плячо: ён проста выводзіў на паперы бясконцую хвалістую лінію, падобную да нечай кардыяграмы.
Яны Іншыя – але Іншыя без напругі. Ім ня трэба ладзіць пікетаў, парадаў і паралімпійскіх конкурсаў, каб выказаць сваю іншасьць. За іх ніхто не заступіцца – але ніхто і не аспрэчыць іхнае права на існаваньне. Вар’яцтва больш ня выклік. З аднаго боку, яго, вар’яцтва прыкметна паболела, зь іншага – яно практычна разьвіталася з тым, што цяпер называюць мастацтвам. Ні Мамонаў часоў “Гукаў Му”, ні хаця б Вася Шугалей сёньня ўжо немагчымыя. У мастацтва цяпер ідуць здаровыя розумам – Эўропа, фонды, гранты, фэстывалі, выставы і гэтыя, як іх… пэрформансы, узаконеная форма шызафрэніі. Хворых нешта не відаць. Усё цяжэй быць сярод іх сваім – ну хіба што ў вёсцы, дзе суседзі глядзяць на цябе рыхтык як ты на сваіх сталічных бажаволкаў.
Тры акорды
Хтосьці ня любіць вараную цыбулю, іншыя не чыталі Арнольда Ф. Пімбэра (і не