Ніякай літасьці Альгерду Б.. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ніякай літасьці Альгерду Б. - Альгерд Бахарэвiч страница 7
Уся Беларусь – гэта такая доўгая і рамантычная бардаўская песьня. Харошы верш на дрэнную музыку. Ці наадварот.
Калі стары парк з выглядам на возера дзесьці ў мястэчку – дык абавязкова з двухмэтровым бронзавым партызанам у паліто ад Кардэна.
Калі дзіцячая кніжка па-беларуску з цудоўнымі малюнкамі – дык тэкст у ёй такі, што хочацца скупіць увесь наклад, разьвесьці вогнішча і спаліць на ім аўтара.
Калі на любімай цяністай вуліцы здымаюць кіно – дык гэта абавязкова нейкі тупы маскоўскі сэрыял.
Калі гаворыш зь людзьмі трасянкай – скажуць, каб ня “порціў наш красівы беларускі язык”.
Загаворыш “на красівам” – перайдуць ад страху на расейскую.
Калі добры пісьменьнік, якога паказаць ня сорамна – дык мёртвы і забыты.
Калі яшчэ ня мёртвы – дык абзываецца вясковымі і нявысьпелымі. Ёсьць чэмпіёнства па колькасьці выдадзеных шэнгенскіх візаў – і гэткае самае па колькасьці стэрэатыпаў наконт Эўропы.
Чэмпіянат па гакеі лямантуе пра гістарычныя аналёгіі – і яго чакаюць, нецярпліва, як сьвята апакаліпсысу.
Архітэктура тут настаялася, як віно; яшчэ трохі, і можна будзе палюбіць усю гэтую сталінска-хрушчоўскую каменную флёру, яшчэ нейкае дзесяцігодзьдзе, і геніюс лёцы ўваскрэсьне – і тут прыходзіць загад “абнавіць і расчысьціць”.
Калі менская някідкасьць робіцца прыгожай – трэба ўсё зрабіць па-багатаму.
Калі ты абаронены тут – значыць, бяспраўны.
Барду заўсёды чагось не хапае: густу, гітары, меры… Але ў шансону заўсёды будзе больш шанцаў, чым у Шамісо.
Беспакойная бардаўская душа беларуса хоча трох акордаў. Інакш неяк не па-сапраўднаму. Проста вершы ці проста музыка не пасуюць чэмпіёнам. А чэмпіёнамі хочацца быць ва ўсім. Хочацца, каб верш стаўся песьняй. Ніхто не прызнае праўды: напрыклад, што беларускі ўнёсак у сусьветную літаратуру роўны альбанскаму. Барда пакрыўдзіць кожны зможа, а вось грошай даць…
У Беларусі бардаў болей, чым пазначана на афішах. Сканцэнтравацца на чымсьці адным – значыць, прызнаць паразу. Людзі ў сорак гадоў ня ведаюць, чаго яны хочуць: вершаў або музыкі, яны кідаюцца на тое, і на другое, і на трэцяе, і на пятае – нібы ў іхнага настаўніка па профарыентацыі быў дыягназ “профнепрыдатнасьць”. У выніку, “шлях зямны прайшоўшы да паловы”, чалавек жадае быць адначасова паэтам і бізнэсоўцам, рамантыкам і рэалістам, палітычна граматным і пры гэтым вольным, хоча быць эўрапейцам і азіятам, хоча немагчымага, неспалучальнага, і невядома, чаго больш – хоча, каб усё было пад гітару. І ў выніку працуе кантралёрам на богам забытым аўтобусным маршруце. Добрыя адміністратары пішуць раманы, раманісты працуюць начнымі вартаўнікамі, няздарнасьці выдаюць часопісы, кантралёры кіруюць дзяржавай. Хочацца ўсяго адразу і каб пляскалі. Бардаўская песьня жыцьця. Сярод маіх знаёмых дастаткова людзей,