Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч страница 36
Марыя стаяла ля акна і нервова курыла. Калі ён падышоў бліжэй, – скамечыла муштук папяросы, ружовы ад губ, і кінула ў попельніцу.
– Ты прабач, – сказала яна, не ўздымаючы павек, – я пагарачылася. Вядома, ні з кім ты не быў. Проста я дурное, раўнівае дзяўчо. Не злуйся. Проста я вельмі-вельмі цябе кахаю.
Андрэй засмяяўся.
– Чаго там, – сказаў ён, – вядома, глупства. Ну, пакінь злавацца.
Яму чамусьці хацелася быць вельмі добрым.
– Мне кожны дзень без цябе – пакута, – сказала яна.
– Дурнічка, я ў бліжэйшы час табе яшчэ такі сюрпрыз падрыхтую. Так што давядзецца звыкаць.
– Чаму? – з трывогай спытала яна.
– Еду дадому, у Востраў. На некалькі дзён.
– Чаго?
– Бацька нешта захварэў.
– Перадай прывітанне, – сказала Марыя.
Андрэй паглядзеў на сад за акном, увесь белы, пульхны, молада чысты і радасны, і зноў шырока без прычыны ўсміхнуўся.
Раздзел VI
Гарбаты вiядук перакiнуўся цераз пуцi ад агнёў станцыi кудысьцi ў цемру. У цемры глуха шапацелi галiны таполяў з рэдкiмi жоўтымi кроплямi агнёў, што заблыталiся ў iх.
Пасля Масквы ціша здавалася асабліва гучнай, снег – асабліва белым, паветра – асабліва мяккім. На маленькай плошчы за віядукам было пуста. Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык.
Было далёка за поўнач, і таксі ўжо не хадзілі.
Андрэй падумаў хвіліну, ці не вярнуцца на вакзал, каб чакаць раніцы, але потым успомніў, што да горада ўсяго пяць кіламетраў, што начны марозік такі свежы і калючы, што так добра рыпіць пад чаравікамі снег, і вырашыў ісці пешшу.
Ён ішоў вулкаю прадмесця паўз сонныя дамы ў замрэяных садах і ўсё думаў аб той лёгкасці, якая спадарожнічала яму апошнія два дні перад паездкай.
Цёмная сцяна сонных хат і садоў толькі зрэдку перарывалася больш светлымі плямамі: асветленым будынкам чыгуначнага клуба, станцыённым упраўленнем – і зноў цягнуліся сады і хаты, хаты і сады.
Нейкая машына даганяла яго. Андрэй азірнуўся, убачыў будку кузава і падумаў быў, што гэта нейкі рэфрыжэратар. Галасаваць не варта было, і ён спакойна ішоў далей, але машына дагнала яго і спынілася.
– Сядай.
Андрэй пабачыў, што машына міліцэйская і, відаць, вяртаецца з нейкага начнога аб’езду.
– Сядай.
Дзякую вам, я яшчэ трошкі пачакаю. Нешта пакуль не хочацца, – сказаў Андрэй.
Міліцыянер, што сядзеў поруч з шафёрам, засмяяўся.
– Ды сядай, Андрэй, чаго там.
Грынкевіч паціснуў плячыма: тут яго ведалі ўсе, у Маскве – амаль ніхто, і, абышоўшы машыну, сеў у кузаў, думаючы, што гэта ён упершыню робіць такое падарожжа.
Дзверцы з маленькім акенцам ляснулі за ім. На лаўцы сядзеў стары знаёмы, старшына Рожкін, і ўсміхаўся на повен рот.
– Куды паедзем, у працвярэзнік ці прама ў КПЗ? – спытаў ён.