Гняздо-2 (зборнік). Паліна Качаткова
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова страница 20

Жэнік пайшоў, Янка зноў засталася адна. Яна стаяла з цыгарэтай каля акна на цёмнай кухні. Бачыла, як Жэнік выйшаў з пад’езда. Ліў дождж, а ён не зважаў на яго, як бы дажджу не было зусім. Бачыла, як Жэнік на хаду азірнуўся, глянуў на іх вокны, махнуў рукой і знік. Гэта было каля таго люка. Янка стаяла, глядзела на дождж, больш глядзець не было на што – двор быў зусім пусты. Свяцілі белыя ліхтары.
– Да цябе Жэнік прыходзіў, – сказала Янка Ленцы, калі тая вярнулася дахаты.
– Што ён хацеў?
– Не ведаю… А дождж яшчэ ідзе?
– Скуль ты ўзяла? Суха. А з Жэнікам мы ўсё роўна пабачымся заўтра.
– Магчыма.
Янка глядзела на свой любімы краявід: мора, мол, зярністы снег на пляжы. Яна падумала, што Ленка таксама не ведае таго надпісу на адваротным баку паштоўкі:
«Да сустрэчы ў Сінгапуры!..»
Магіла
Сяргей вёў запісы ў фіялетавым сшытку, але гэта не быў дзённік, хутчэй звароты да вышэйшае істоты, якая павінна назіраць за намі. «Няхай я буду вольным ад самалюбства, ад нечыстаты сэрца і думак на шляху да дасканаласці», – было запісана на першай старонцы ў фіялетавым сшытку.
На цёмнай вуліцы Стэфан нечакана пачуў крокі і схаваўся за рог, прытуліўся спінаю да цаглянай сцяны. Але яго ўсё роўна заўважылі. «Прабачце, можа, у вас знойдзецца дзве капейкі?» – спытаў у Стэфана чалавек у чорным (ці цёмна-сінім?) плашчы – адзенне, трэба заўважыць, даволі дзіўнае для цёплай жнівеньскай ночы. Стэфан аддаў чатыры капейкі па адной і моўчкі павярнуўся тварам да сцяны. Праз хвіліну яму падалося, што чалавек усё яшчэ стаіць у яго за плячыма, азірнуўся – вуліца была пустая. Стэфан правёў рукою па шурпатай паверхні сцяны – пасыпаліся дробныя каменьчыкі.
Вокны кватэры, у якой Стэфан жыў разам з Сяргеем, выходзілі на могілкі. Сяргею падабалася глядзець на магілы, яны яго супакойвалі.
Стэфан сваім ключом адчыніў дзверы. Пастаяў на калідоры. «Ціха, – падумаў ён, – ціха, як… як у труне». Цішыня ў кватэры, цішыня на вуліцы і на могілках, дзе белымі калонамі выступалі з цемры бярозы, чарнелі мармуровыя пліты, соладка пахлі кветкі на магілах, дзе цяжка было разабрацца, што ўжо аджыло сваё, а што яшчэ жыве. Дзынкнула бітае шкло. Пабілі пустую пляшку? Ці гэта толькі падалося?
Стэфан разглядаў свой твар у круглым люстры, пра якое Сяргей казаў, што яно ўсё скажае. Што ў яго з вачыма? Адно – зусім нармальнае, блакітнае, другое – мутна-жоўтае, пачырванелае, як падбітае. Алергія?
Лямпа ў Сяргеевым пакоі свяцілася мяккім зеленаватым святлом. Зялёнае святло таксама павінна супакойваць.
«Хай я буду лепшым, чым цяпер, больш шчырым з сабой і чулым на патрэбы іншых», – пісаў Сяргей.
– Сяргей! – Стэфан адчыніў дзверы ў пакой.
– Што?! – Сяргей схаваў пад стол фіялетавы сшытак.
– Са мною нешта робіцца, глядзі, вока якое страшнае