Трынаццаць дзён (зборнік). Анатоль Кудласевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч страница 20
«Ой, колькі ж яшчэ на свеце бяды, – падумаў я, – на кожным кроку нас падсцерагае спакуса і небяспека, колькі гора людскога і слёз чалавечых навокал, рана я пачаў радавацца. Колькі яшчэ работы, каб наблізіць царства… Царства нябеснае бярэцца намаганнем, талакою бярэцца царства…».
Не спяшаючыся, я пераходзіў ад прыпынку да прыпынку. Углядаўся ў людзей. Нібыта прачнуўся ад жахлівай спячкі: убачыў сябе, ранейшага, збоку. Заўсёды некуды спяшаўся, мітусіўся туды-сюды, як чаўнок у кроснах, нібы аўтамат з зададзенай праграмай. Быццам зомбі: чалавек-робат. Не бачыў вакол сябе нікога. Мне здавалася: людзі таксама заўсёды спяшаюцца, блытаюцца пад нагамі – а яны ў той час жылі размераным, спакойным жыццём, прыглядаліся адзін да аднаго, захапляліся прыгажосцю. Чатыры гады я насіўся па гэтых вуліцах, нібы ўчадзеўшы, нікога і нічога не заўважаючы. Упершыню за апошні час я ішоў з пустымі рукамі: ні дыпламата, які стаў часткай майго цела, ні авоські з прадуктамі, ні сумкі – вольныя рукі! Яшчэ жартаваў, дурнота, хваліўся: «Усё маё са мною!» А ўсе гэтыя гады навокал жылі людзі, якіх я не бачыў: смяяліся, плакалі, глядзелі ўлюбёнымі вачыма адзін на аднаго і, напэўна, здзіўляліся, бачачы мяне, мітуслівага дзівака…
Маленькі хлопчык на прыпынку, растапырыўшы рукі і смешна раскарачыўшы крывенькія ножкі, чыкільдаў за галубамі: падбягаў, калываючыся, да птушак, нахіляўся і ўсё хацеў злавіць рукамі. «Хоп!» – пляскаў ён далонькамі. А яго маці стаяла воддаль і ўсміхалася.
О, як я ганарыўся сваімі заўсёднымі справамі, вечнай заклапочанасцю, як пагарджаў тымі людзьмі, што не ўмеюць выкарыстоўваць свой час, людзьмі павольнымі, што ўсякую справу робяць засяроджана і абдумана. А я? Ускочыў у аўтобус і радаваўся, што паспеў менавіта на гэты, дагнаў яго, сэканоміў пяць хвілін: уткнешся ў часопіс ці кнігу, чытаеш, выскачыш на прыпынку – і бягом, бягом, упохапкі… На работу, у краму, дахаты! I – за працу, хутчэй за працу! Увесь час нешта трэба тэрмінова зрабіць, баішся некуды спазніцца, не паспець. А ці трэба спяшацца? Можа лепш спыніцца, зазірнуць у душу і спытацца: «А што ж я хачу?» О, як ганарыўся я, што ўмею плённа выкарыстоўваць час – ні адной вольнай хвіліны, каб агледзецца, адумацца. А яны ж заўсёды назіралі за мной. Якую ісціну я мог даць ім? Чаму я мог навучыць добраму? Яны ведаюць лепш за мяне, як трэба жыць! Хіба, назіраючы мяне збоку, заўсёды затурканага, заведзенага чалавека-аўтамата, могуць яны паверыць таму, што я пішу? Не… Чалавек, што носіць у сабе ісціну, не такі: ён ходзіць павольна і асцярожна, нібы цяжарная жанчына, баючыся, каб не пашкодзіць тое, што выношвае ў сабе, – такому чалавеку няма куды спяшацца, ён ужо знайшоў галоўнае.
Я бачыў аднойчы ў юнацтве двух манахаў, даўно гэта было, але, нібыта ўчора, так і стаяць перад вачыма: два чырванашчокія манахі, у чорным адзенні, нават з невялікімі жывоцікамі, але жываты не выклікалі агіды,