Трынаццаць дзён (зборнік). Анатоль Кудласевіч

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч страница 21

Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч

Скачать книгу

але, баючыся, што яна зноў пакрыўдзіцца, я пагадзіўся.

      Мы селі за стол. Яна парэзала дробнымі скрылікамі сухую каўбасу, дастала з лядоўні салат і зняла з пліты гарачую бульбу, ад якой падымалася пахкая пара, а я наліў у шклянкі гарэлкі.

      – Давай, за нашу сям’ю, за нас і за сына! – дзынкнула шкло.

      Выпілі. Я расказаў жонцы, што бачыў у царкве. Ужо каторы раз за гэтыя суткі глядзеў на яе і не пазнаваў. Мне было дзіўна: чаму раней мы не разумелі адно аднаго? Нібыта гаварылі на розных мовах. Увогуле, чаму людзі не могуць паразумецца? Не таму, што ў іх няма жадання (пры адсутнасці жадання не ідуць на кантакт), а таму, што жывуць на розных паверхах быцця і спрабуюць зносіцца паміж сабой: чуюць урыўкі слоў і сказаў, але не знаходзяць сувязі, не бачаць твару таго, хто гаворыць, не ўлоўліваюць адценняў інтанацыі… Гэта тое ж самае, што чытаць тэкст з аднымі галоснымі або зычнымі. Вельмі цяжка зразумець адно аднаго, калі там, дзе ў першага над галавою столь, у другога тое ж месца ўжо пад нагамі. Немагчыма, жывучы на розных паверхах быцця, аднолькава бачыць ісціну: з вышыні Эйфелевай вежы чалавеку адкрываецца ўся панарама Парыжа; са скляпення ён бачыць смецце перад акном ды мураша, які ўзбіраецца па травінцы.

      Людзі, што жывуць на розных паверхах быцця, ніколі не зразумеюць адно аднаго: паразуменне бывае толькі на лесвіцы, калі адзін апусціцца, а другі падымецца – так адбылося і ў нас, праўда, я не ведаю: хто зрабіў ласку і хто першы падняўся ці апусціўся да другога? Аказалася, што мы ўдваіх хочам аднаго і таго ж. Яна гаварыла маімі словамі, гаварыла тое, чаго я намагаўся ад яе чатыры доўгія гады.

      – Не трэба нічога ўскладняць, – гаварыла жонка. – Калі гэта бутэлька, як яе ні круці, усё роўна яна і застанецца бутэлькай, але лепш, каб яна стаяла на донцы. Можна, канечне, паспрабаваць паставіць і на рыльца, але рана ці позна яна ўпадзе, а калі і пастаіць крыху – дык будзе стаяць дагары. Навошта яе ставіць дагары? Мне трэба зусім нямнога: лагоды і крышачку цеплыні, як і ўсякай жанчыне, каліва ўвагі. Усё астатняе прыйдзе само. У нас сын, за якога мы адказваем перад Богам, якога павінны выгадаваць і выхаваць, каб ён стаў нармальным чалавекам. Хочаш працаваць, калі ласка, я табе ўсе ўмовы ствару для працы, але каб работа не засланяла асноўнага: сям’і! Каб ты хоць час ад часу заўважаў, што побач з табой жывыя людзі. Уся твая творчасць – гэта смецце, выкідыш, аборт сапраўднага жыцця.

      Яна гаварыла праўду, і я пагаджаўся. Я ўпершыню ўбачыў наша адзінства, зразумеў: мы адно. Убачыў сямейную еднасць, як трыадзінства Божае: я – айцец, вось сын мой, якому пайшоў чацвёрты год, але які ўжо ўсё разумее і адчувае імгненныя рухі душы; вось жонка мая – усюдыісны дух, які адухаўляе і дыхае, дзе хоча. Бог на зямлі, сярод людзей – гэта наша сям’я. Недарэмна, думаў я, адно з царкоўных таінстваў – вянчанне, ды і сама царква часта параўноўваецца з жаною, а Хрыстос – муж яе. Мне здалося нават, што жонка чытае мае думкі: не паспею засумнявацца ў чым, як яна тут жа: «Ну што ты зноў, не думай пра гэта!» – абрывае мяне. Сапраўды, можа, мы багі, якія спусціліся на зямлю, каб паглядзець, што змянілася сярод людзей за апошнія

Скачать книгу