Таварыства кнігалюбаў. Андрэй Лазар
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Таварыства кнігалюбаў - Андрэй Лазар страница 9
З чацвёртага курса адлічылі і майго найлепшага сябра – Кастуся Прайдзісвета. Прайдзісвет – гэта яго прозвішча, толькі смех у тым, што гэтае прозвішча цалкам перадае стан яго душы. Усяслаў Вячаслававіч так і не ўбачыў яго другой пісьмовай работы, таму цалкам законна прапанаваў дэканату звярнуць увагу на такога недысцыплінаванага студэнта. Дэканат два тыдні шукаў Кастуся і не знайшоў. Гэта стала падставай для адлічэння. Майго сябра такое развіццё падзей зусім не засмуціла. Ён даўно мне гаварыў, што вучоба – гэта толькі афіцыйны занятак, каб было менш пытанняў. Насамрэч, Кастусь Прайдзісвет вырашаў іншыя задачы і вырашаў іх даволі паспяхова. Кастусь Прайдзісвет, як сапраўдны прайдзісвет, вельмі хутка пасля адлічэння займеў сапраўдны дыплом аднаго з самых уплывовых універсітэтаў свету. Калі ён там вучыўся (і ці вучыўся наогул) застаецца вялікай таямніцай.
З Кастусём заўжды было весела і цікава. Ён мог падбіць мяне на нечаканыя рэчы, накшталт паездкі на які-небудзь фестываль музыкі ХХ стагоддзя ці стварэння суполкі аматараў паэзіі. На першы погляд, мы былі з ім даволі рознымі, але нешта нас вельмі збліжала. Мы гатовыя былі дапамагчы адзін аднаму ва ўсім і без чакання нейкай за тое ўзнагароды. Мусіць, гэта і называюць сапраўдным сяброўствам. Пасля нашага бясслаўнага завяршэння вучобы Кастусь стаў адным з самых багатых людзей у горадзе, які не агучвае сваё імя. Многія яго баяліся, прыдумвалі розныя бязглуздзіцы, журналісты спрабавалі вывесці яго на чыстую ваду. Для мяне ж Кастусь Прайдзісвет застаўся тым самым хлопцам, з якім я пазнаёміўся ў студэнцкім інтэрнаце пры засяленні ў свой пакой і з якім зрабіў шмат цікавых рэчаў, а дзесьці настолькі цікавых, што і апісваць небяспечна.
Дарэчы, Кастусь, як сапраўдны сябра, вельмі карэктна пытаўся, ці сапраўды я хачу кінуць універсітэт. На прайдзісвецкую думку, Усяслаў Вячаслававіч убачыў у мяне вялікі патэнцыял, таму і ціснуў так заўзята, каб выйшаў толк. Я катэгарычна пацвердзіў сваё рашэнне. Ужо потым пачалі адольваць думкі, што Кастусь прамаўляў слушныя рэчы. І адкуль у яго такі розум? Загадка. Таксама сябра вельмі сур’ёзна распытваў мяне, ці кахаю я Міхаліну. Калі ж пачуў станоўчы адказ, настойліва вымусіў паабяцаць скласці шлюбную дамову, калі я вырашу-такі ажаніцца, бо гэтак робяць усе цывілізаваныя людзі. Я паслухаў сяброўскую параду, няхай і палічыў, што гэта ў нейкай ступені выказвае недавер да маёй каханай.
З таго, студэнцкага, перыяду мне запомніўся яшчэ адзін момант. Ужо не студэнтамі я, Кастусь і Міхаліна сядзелі на беразе ракі, якая працякае праз увесь наш горад, і пілі адпаведныя напоі. Я перажываў, што стану менш бачыць Міхаліну, пра што і паведаміў усім. Міхаліна ці то жартам, ці то сур’ёзна сказала, што ў мяне толькі адно выйсце – прапанаваць ёй выйсці за мяне замуж. Я адразу гэта і зрабіў. За сведку