Таварыства кнігалюбаў. Андрэй Лазар

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Таварыства кнігалюбаў - Андрэй Лазар страница 8

Таварыства кнігалюбаў - Андрэй Лазар

Скачать книгу

мяне праз чорны ход з банку, адвёў крыху далей ад камер і на развітанне вымавіў:

      – Вы, нягледзячы на значныя недахопы, добры чалавек. Многаму мяне навучылі. Вось мая візітоўка, калі што – тэлефануйце, – а потым пакпіў: – І па выйгрыш таксама.

      Стомлены, я нешта адказаў. Мае думкі паціху замыкаліся на недарэчнай, але прынцыповай сярод прыстойных людзей спрэчцы. Адмовіцца ад сваіх слоў – найвышэйшы сорам, таму адступаць не было куды. Мост ужо дагараў. Здаецца, маё самаадчуванне было навідавоку.

      На вуліцы зусім сцямнела. Святаполк настойліва парэкамендаваў згадзіцца, каб мяне завезлі дадому. Бо ўсялякае бывае. Службовы аўтамабіль дырэктара філіяла літаральна за лічаныя хвіліны даімчаў да майго пад’езда. Аднак падзеі гэтага дня непакоілі. Усю дарогу ў галаве круцілася прозвішча Крыніцкі. Недзе я яго чуў. Дакладна, недзе чуў. Ды дзе?

      У начных навінах паведамілі, што праз рабаўнікоў бібліятэкі пусцеюць. Пасля гэтага выйшаў сюжэт пад назвай «Горад, які прыносіць грошы», у якім гаварылася пра дзівака ў самым надзейным і шчодрым банку горада.

      Перад сном я зачыніў дзверы на самы высокі ўзровень бяспекі. У свядомасці паўставаў план дзеянняў на заўтра. План, ад якога годнасць не дазваляла адмовіцца, няхай розум і настойваў: «Сядзі дома і не дуры нікому галавы!» І я рашуча заснуў, бо шчыра верыў, што заўтра ўсё будзе добра…

      Успаміны гараджаніна

      Універсітэцкі час – гэта самы цудоўны перыяд майго жыцця. Не. Напэўна, так гаварыць будзе няправільна. Праўдзівей сказаць, што ўніверсітэцкія гады былі найбольш насычанымі і запамінальнымі для мяне. Супернічаць з імі могуць хіба што падзеі, звязаныя з Другім гарадскім сходам. Але зараз я хачу падзяліцца ўспамінамі пра сваё студэнцтва. Як ужо гаварылася, я паступіў без праблем. З аднаго боку, вялікую ролю ў гэтым адыгралі мае веды і здольнасці, з іншага – конкурс быў не самы складаны, бо мая спецыяльнасць перажывала тады не найлепшыя гады. Тым не менш, мой універсітэт быў адным з трох самых прэстыжных устаноў горада і меў вельмі пераканаўчую гісторыю. Ён узнік у пачатку ХХ стагоддзя і за час свайго існавання заняў належнае месца ў свеце, што адлюстроўвалі шматлікія рэйтынгі, апытальнікі і агляды. Хтосьці можа ўзгадаць вышэйшыя навучальныя установы, гісторыя якіх пачынаецца яшчэ з сярэднявечча. З такім аргументам спрачацца цяжка, аднак для горада М. мой універсітэт быў і з’яўляецца бясспрэчным аўтарытэтам. Таму, калі надумаецеся куды-небудзь паступаць, не абмінайце такі варыянт.

      Вучыцца мне было цікава і прыемна. Да чацвёртага курса я здаваў усе прадметы на выдатна. Мае бацькі нават пачалі хвалявацца, што летуценны выбар іх сына ў плане прафесіі можа стаць канчатковым. Таксама нядрэнна справы пайшлі і ў асабістым плане. Пасля шэрагу няўдалых амурных прыгодаў я рызыкнуў запрасіць на спатканне Міхаліну. Гэта была неверагодная дзяўчына, мая аднакурсніца, з якой можна было размаўляць на любыя тэмы. Яна шмат чаго ведала, разбіралася ў літаратуры, хутка рашала любыя задачы, бачыла на чатыры хады ўперад, ды і прыгажосці была адмысловай.

Скачать книгу