Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік). Ян Максімюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк страница 10
…нюхам юху юрляндца чую…
Найбольш славутай наратарскай тэхнікай „Уліса” зьяўляецца ўнутраны маналёг (interior monologue) – спосаб адлюстраваньня струменя сьвядомасьці (stream of consciousness) герояў. Акрэсьленьні ўнутраны маналёг і струмень сьвядомасьці зьвязваюцца з Джойсам нават для тых, хто „Ўліса” ўвогуле не чытаў. Джойс, па сутнасьці, ня быў вынаходнікам тэхнікі ўнутранага маналёгу, аднак жа пакарыстаўся ёю ў такі спосаб і з так дасканалым вынікам, што яго можна лічыць першапраходнікам.[27]
Асноўны стыль „Уліса”, які мы можам назіраць у шасьці пачатковых эпізодах і – у розных камбінацыях – у некалькіх іншых, ёсьць мяшанкай трох складнікаў: унутранага маналёгу, аб’ектывізаванага апісаньня падзей і месцаў у трэцяй асобе, натуралістычнага дыялёгу. Аднак жа ўвага засяроджана на тым, хто маналягуе (у трох першых на Стывэне, у трох наступных на Блюме). З чыста тэхнічнага гледзішча, у струмені сьвядомасьці адсутнічаюць такія традыцыйныя фразы, як „ён сказаў”, „яна падумала” і г.п. Зьмена невялікая, але яна дазваляе пазбыцца пасярэдніка паміж літаратурным героем і чытачом (звычайна пасярэднікам зьяўляецца аўтар або створаны аўтарам фіктыўны наратар). Ствараецца ілюзія блізкасьці і непасрэднасьці кантакту паміж чытачом і фіктыўнымі постацямі, як быццам чытач падслухоўваў іх. Гэткі ход у сваю чаргу дазваляе паслабіць лінгвістычную норму (граматыку) і маральную цэнзуру. Сынтаксіс можа быць не зусім правільным, традыцыйная лёгіка ўступае месца лёгіцы асацыятыўна-псыхалягічнай, фраза стаецца фрагмэнтарнай. У чытача ствараецца ілюзія (нашмат больш уражальная, чымся ў традыцыйнай нарацыі) прысутнасьці пры мэнтальным працэсе героя. Гэта, вядома, яшчэ адна ўмоўнасьць, паколькі вэрбальны ўнутраны маналёг ўсяго толькі сымбалічна імітуе па сутнасьці перадвэрбальную плынь чалавечай сьвядомасьці і ня можа быць разгляданы як нейкая ізаморфная функцыя псыхалягічнага стану. Другой умоўнасьцю ёсьць стварэньне ўражаньня адсутнасьці цэнзара ў нарацыі – аўтар як быццам занатоўвае струмень сьвядомасьці ў ягоным аголеным выглядзе, без уключанага маральнага фільтра. Безумоўна, Джойс зрабіў шмат, каб пашырыць дыяпазон чалавечага думаньня тэмамі, якія да „Уліса” лічыліся табуізаванымі для літаратуры. Аднак варта ўвесь час мець на ўвеце, што таямніца вялікай літаратуры палягае перш за ўсё ў строгім выбары і арганізацыі матэрыялу, нават калі аўтарская задача, як ва „Ўлісе”, – прадставіць хаос жыцьця зь ягонымі непрыгляднымі, „нелітаратурнымі” праявамі.
Трэці эпізод, „Пратэй”, зьяўляецца амаль поўнасьцю ўнутраным маналёгам Стывэна.
26
Яшчур выбраны Джойсам, вядома ж, невыпадкова. Праз „коней і быкоў” узмацняецца сувязь натуралістычнага пласта нарацыі з гамэраўскім. Нэстар характарызуецца ў Гамэра як „утаймавальнік коней”. Палац Нэстара ў Пілясе стаяў пры вусьці ракі Альфэй (Alpheus), якую Геракл завярнуў, каб вычысьціць аўгіевы стайні. Сэміцкія літары алеф, ламэд і пэ ўтвараюць корань слова бык. Літара альфа выводзіць паходжаньне ад спрошчанага малюнка бычынай галавы. Безумоўна, звыкламу чытачу не да такіх тонкасьцяў, але над „Улісам” пагарбеў легіён дасьледнікаў і крытыкаў, мазалём якіх мы сёньня можам пакарыстацца адволі. Адзначым яшчэ, што сымбаль быка – адзін з найважнейшых у рамане, якому адведзена цэнтральнае месца ў эпізодзе „Быкі Сонца”.
27
Зачаткі тэхнікі ўнутранага маналёгу выступаюць напрыклад у… Талстоя. Сам Джойс гонар вынаходніка прызнаваў за францускім пісьменьнікам-сымбалістам Эдуардам Дзюжардэнам, у рамане якога „Les lauriers sont coupйs” ён упершыню сустрэўся з падобным спосабам аповеду.