Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік). Ян Максімюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк страница 12
Стывэн паварочвае „цераз больш цупкі цалік пяску на Галубятню” (Дублінскую электрастанцыю). Ягоныя думкі таксама паварочваюцца да новае тэмы. Стывэн пачынае разглядаць „модус” жыцьця, які можа чакаць яго па-за Ірляндыяй. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту Стывэн паехаў у Парыж і паступіў у Сарбону, але неўзабаве вярнуўся, пакліканы тэлеграмай: „Маці памірае вяртайся дадому бацька”. Побыт на кантынэнце прынёс яму шмат горкага досьведу.[34] У Парыжы Стывэн сустрэў Патрыса Ігэна, ірляндзкага выгнаньніка, – эўрапеізаванага ірляндца без каранёў – і ягонага бацьку, Кэвіна Ігэна, змагара за вольную Ірляндыю. Дарэмнасьць ахвяры і выгнаньня гэтага патрыёта відавочныя: „Яны забыліся пра Кэвіна Ігэна, але ня ён пра іх. Спамінаю цябе, о Сыён”. [50] Парыскія абразкі намаляваныя яскравымі, запамінальнымі мазкамі („Парыж прачынаецца ў золкасьці, яскравы сонечны бляск на цытрынавых вуліцах. Вільготны мякіш булачак, жабіназялёны абсэнт, кадзідлы парыскае ютрані, лашчаць паветра” [48]).
Стывэн пачынае грузнуць у размоклым грунце і пастанаўляе павярнуць. Кідае позірк на вежу, паўтарае намер не вяртацца да „захопнікаў” („бярэце ўсё, трымайце ўсё”) і ў кантамінаванай арыстотэлеўска-шэксьпіраўскай цытаце пацьвярджае сваю гамлетаўскую самоту і нерашучасьць: „Cа мной ідзе мая душа, форма формаў. Калі вартуе месяц час начны, я йду сьцяжынай па-над скаламі, у цемрыве срабрыстым, Эльсынору чуючы спакусьлівы прыліў”. [50–51]
Пазьбягаючы прыліву, Стывэн ідзе на вышэйшае месца і прысядае на „скалістым услончыку”. Перад ім – „разадзьмутае сабачае падла ляжала на подсьцілцы зь ціны”. А далей „вязкія выдмы – мовы, нанесеная ветрам і прылівам”. Стывэн пачынае раздумваць над формамі распаду матэрыі і дарэмнасьцю чалавечай гісторыі. Зьяўляецца тэма сьмерці як полюс для разважаньняў над нараджэньнем у першай частцы эпізоду. Мова робіцца яшчэ больш густой і дзіўнай. Чуем голас дагістарычнага ірляндзкага Вернігары: „Я волат крыважэрны, валуны качаю, па костачках ступаю. Пых-чмых-хмых. Нюхам юху юрляндца чую”.[35] [51] Зараз потым маем абразок з набегу вікінгаў на дублінскае пабярэжжа і разважаньні над „самазванцамі” (гістарычнымі ірляндцамі, якія выдавалі сябе „нашчадкамі каралёў”). Гэтая тэма зьвязаная з Маліганам, які каралюе ў вежы, але які таксама аказаўся героем, ратуючы жыцьцё тапельца. Стывэн баіцца вады і прызнаецца сам сабе, што ня змог бы ўратаваць
33
„Гамлет”, акт І, сцэна 2.
34
Дарэчы будзе нагадаць, што Стывэн – герой аўтабіяграфічнага рамана Джойса „Партрэт маладога мастака” („A Portrait of the Artist as a Young Man”). „Партрэт” заканчваецца якраз перад выездам Стывэна ў Парыж. Настрой у маладога чалавека ўзьнёслы. Ён піша ў сваім дзёньніку: „Вітай, О жыцьцё! Я вырушаю мільённы раз на спатканьне жыцьцёвага досьведу, каб выкаваць у кузьні душы яшчэ не народжаную сьвядомасьць свае расы”.
35
I’m the bloody well giant rolls all them bloody well boulders, bones for my steppingstones. Feefawfum, I zmellz de bloodz odz an Iridzman.