Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік). Ян Максімюк

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк страница 11

Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк Галерэя «Б»

Скачать книгу

дэшыфраваць некаторыя фармулёўкі ў гэтых двух пачатковых абзацах. Сьвет фізычных рэчаў бачыцца Стывэну як (Божая) кніга, подпісы якой даступныя чалавечаму ўспрыманьню. „Каляровыя знакі” намякаюць на суб’ектывісцкую тэорыю бачаньня япіскапа Джорджа Бэрклі, які сьцьвярджаў, што чалавечы розум спасьцерагае не прадметы, а іхнія „знакі”. Маналёг Стывэна пачынаецца псэўда-арыстотэлеўскім сьцьвярджэньнем першаасноваў. Зрок адкрывае адзін з модусаў існаваньня рэчаіснасьці – прастору („непазьбежную мадальнасьць бачнага”); слых адкрывае наступны модус – час („непазьбежную мадальнасьць чутнага”). „Цялеснасьць” целаў, за Арыстотелем, Стывэн лічыць больш асноўнай якасьцю за „каляровасьць” і тут жа ўяўляе сабе, як філёзаф мог дасьці да такой высновы („ляснуўшыся аб іх мазгаўнёю, няйначай”). Maestro di color che sanno (майстар тых, якія ведаюць) – так называе Арыстотэля Дантэ, спаткаўшы яго ў пекле. Празрыстасьць і непразрыстасьць рэчаў – тэма тонкіх разважаньняў Арыстотэля аб натуры прадметаў і спасьцераганьня. У гэтым месцы Стывэну прыгадваецца „даходлівы” спосаб дэфініцыі рэчаў у слоўніку ангельскай мовы доктара Джонсана (1755), дзе, прыкладам, згаданыя „дзьверы” растлумачваюцца наступным чынам: Дзьверы (door) адносяцца да дамоў, а брама (gates) да гарадоў і публічных будынкаў, калі ня браць пад увагу выкарыстаньня гэтых паняткаў у паэзіі”.

      Прастора і час спалучаюцца Стывэну з паняткамі nebeneinander і nacheinander, уведзенымі ва ўжытак нямецкім драматургам і крытыкам мастацтва Лесінгам у ягонай эстэтычнай тэорыі (1766). Лесінг сьцьвярджае, што заданьнем паэзіі ёсьць адлюстроўваньне аб’ектаў, якія разьвіваюцца ў часе (адзін за адным, nacheinander), тым часам як аб’екты, разьмешчаныя ў прасторы (адзін пры адным, nebeneinander), зьяўляюцца прадметам увагі выяўленчага мастацтва. Заплюшчыўшы вочы, Стывэн чуе nacheinander „як хрусьцяць крохкія ракавіны ў яго пад чаравікамі”; адначасова баіцца, што nebeneinander можа раптоўна скончыцца, і ён паляціць уніз „са стромы, што грозна па-над хвалямі навісла”.[29] Свой ясянёвы кіёк Стывэн называе „ясянёвым мячом” (у кельцкай традыцыі ясень зьвязаны з выбарам караля; зь ясеню таксама выраблялі дрэўка кап’я). Стывэн намацвае дарогу кійком як сьляпы („яны так робяць”). Стывэн ідзе ў Маліганавых чаравіках і нагавіцах („мае дзьве ступні ў ягоных чаравіках на канцы ягоных ног”). Дэміург Лёс – адна з постацяў міталягічнага пантэону Ўільяма Блэйка („Кніга Лёса”, 1795). Ракавіны пад нагамі – „грошы разбушавалага мора” – вяртаюць думкі Стывэна да містэра Дызі, які мае калекцыю ракавін і вельмі цэніць грошы (у дадатак – shells (ракавіны) у слэнгу значаць грошы).

      Далей пойдзем шпарчэй, пакінуўшы дакладны аналіз „Пратэя” на нейкую іншую нагоду альбо каму іншаму. Адзначым толькі, што ўнутраны маналёг Стывэна характарызуецца глыбокай эрудыцыяй; словы служаць Стывэну ня столькі ў якасьці ўмоўных знакаў для абазначэньня вонкавага сьвету, колькі крыніцай роздуму над гэтым сьветам. Натура ўнутранага маналёгу ў Стывэна, як і належыць „барду”, лірычная. Мастацтва дадзенага эпізоду

Скачать книгу


<p>29</p>

„Гамлет” (акт І, сцэна IV); Гарацыё перасьцерагае Гамлета, каб не набліжаўся да прывіда. Гэтым разам амаль дакладна паводле Ю. Гаўрука: А калі ён укіне вас у мора / Альбо ўзьвядзе на стромкую скалу, / Што грозна па-над хвалямі навісла, / І там, прыняўшы новы страшны выгляд, / Паўстане раптам і кране ваш розум, / Угоніць у вар’яцтва – што тады?