Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік). Ян Максімюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк страница 14
Па-другое, лукашэнкаўская эпоха стала, калі можна так выказацца, трансцэндэнтным завяршэньнем разьвіцьця беларускай савецкай літаратуры. У постаці першага прэзыдэнта ў літаральным сэнсе матэрыялізаваўся ідэал героя сацрэалістычнай эстэтыкі, выяўленьнем якога шматпакутна займаўся інтэлектуальны авангард нацыі. Жыцьцё, як заўсёды, праявіла большую фантазію за літаратуру, агольваючы ўсю ейную (літаратуры) малапрывабнасьць і мізэрнасьць. У Беларусі наступіў ня крызіс літаратурнай эстэтыкі ці нейкага жанру, а проста крызіс рэчаіснасьці, якая ня здолела супрацьстаяць перанасычанасьці беларускай экасфэры ідэалягічным флюідам і сасьлізгнула ў нейкую паралельную (ці віртуальную) мэтарэчаіснасьць. Беларуская савецкая літаратура страціла свой асноўны рухавік – упэўненасьць у недасяжнасьці і незьдзяйсьняльнасьці сваіх эстэтычных ідэалаў. Прынамсі адзін ідэал быў дасягнуты і нават перадасягнуты, і белсаўлітаратура сканала ад сутыкненьня з жахам самазьдзяйсьненьня. За что боролись, на то и напоролись. Гэта, у гістарычнай пэрспэктыве, таксама аптымістычная адзнака – усё ж існуе нейкая раўнавага ў прыродзе.
Па-трэцяе, ня менш аптымістычнае за па-першае й па-другое, беларуская літаратура ўрэшце перастала быць закладніцай аднаго маральнага імпэратыву, які нават самую жудасную графаманію ахінаў грамадзкім і палітычным арэолам ахвяры на алтар народу. Таго народу, якому, з увагі на яго памяркоўны й нешматслоўны характар, не пашэнціла займець сваіх Дантэ й Мілтана, Бальзака й Дастаеўскага, але якому конча трэба было даць „хоць Янку Купалу” ды, напрыклад, Ніла Гілевіча. Пасьля другога гістарычнага рэфэрэндуму стала ясьней яснага, што ахвяраваць няма дзеля каго, а сам ахвярнік можна больш эфэктыўна выкарыстаць для пячэньня бульбы й сала. Час-часам з гэтага прыгаслага ахвярніка яшчэ пыхне клуб дыму й хутка распусьціцца ў сіверных павевах над шэрай неабсяжнай пустэчай восеньскага калгаснага бульбянішча. Але з паднябеснай высі яму не адкажа курлыканьне жураўлінага ключа, які кіруецца на Палесьсе.