Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 10
– Вось што… Я зраблю копіі, і мы іх дзе-небудзь схаваем. Бо калі даведаюцца… тыя, з іх станецца знішчыць нават самі крыніцы. І… беражы сябе, Антось. Залішне нагадваць, але… Да апошняга ніхто больш не павінен ведаць сапраўднае імя беларускага караля. Ты, Антось, не павінен раскрывацца нават нашым аднадумцам.
З таполяў зноў з карканнем узляцелі вароны.
– Кыця-кыця-кыця!
У аддаленні, па дарожцы ад касцёла, рухалася цётка ў вялізным капелюшы. За ёй бегла з дзесятак бадзячых катоў.
– Статс-дама Пальміра Мрачкоўская з пажамі! – захіхікаў Рыгорка.
Яго смех падхапілі астатнія хлопцы, нехта дурасліва замяўкаў. Дзівакаватая жонка тутэйшага доктара была асобай вядомай.
– От разумнікі! – спыніла рогат Марылька. – Гэтая кабета не толькі сабак ды катоў прыкармлівае. Яна суседскіх дзетак за так маляваць вучыць. І мае вучні-беспрытульнікі многія ў яе карміліся, пакуль у інтэрнат не трапілі. А карціны вы ейныя бачылі?
– Добра, добра, Марылька, пераканала. – Янук уладна пагладзіў дзяўчыну па плечуку, але сустрэў насмешлівы позірк і сумеўся: – Давайце па хатах, пакуль дабрадзейная Пальміра сюды сабак не прывяла.
Лісце з шоргатам ападала на зямлю, на помнікі, прыліпала да граніту, быццам безнадзейныя лісты да нябожчыкаў. Маладыя таполі ўмольна цягнуліся галінкамі да ўжо астылага сонца, нібы спадзяваліся дастаць яшчэ крыху летняга цяпла…
Ад брамы ўсе разыходзіліся ў розныя бакі. Янук памкнуўся быў пайсці з Марылькай, але яна подбегам дагнала Антося.
– Можна з табой?
Гэта было так неверагодна, што Антось не змог нічога адпаведнага сказаць. Яны моўчкі ішлі па ціхай Кальварыйскай вуліцы, і ён усё ніяк не мог прыдумаць, пра што пачаць размову – у яго толькі замірала сэрца кожны раз, як лёгкая хустка Марылі, завязаная на шыі, па волі гарэзнага ветрыку датыкалася да яго рукава доўгімі кутасамі. Не куртуазны нашчадак у імператара…
– Я таксама хацела б, каб ты заставаўся «звычайным» паэтам, – раптам суха прамовіла Марылька, так пільна гледзячы наперад, быццам адтуль вось-вось мусіла з'явіцца варожае войска. – Ты мог бы быць вялікім паэтам, Антоська.
– «Мог бы»… Гаворыш, як хаваеш. Я ж яшчэ жывы!
– Вазьмі мяне замуж, Антось!
Ён аж спатыкнуўся. Пачулася, відаць? Марылька ішла, усё гэтак жа гледзячы перад сабой, са спакойным тварам, схаваўшы рукі ў кішэні пацёртага плюшавага пінжачка.
Вядома, пачулася… Але ён раптам усвядоміў, якая дзяўчына ўся напятая – быццам струна…
– Ну дык як? Згодны?
– Паслухай… Я не разумею…
– А што тут не разумець?! – яна рэзка спынілася, пазіраючы на яго злымі зялёнымі вачыма.
Якія ў яе вочы, калі яна злуецца! Напэўна, так ззяюць смарагды, калі глядзець праз іх на сонца. Ён усё яшчэ не ўцяміў. А яна гаварыла – аж перахоплівала голас: