Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 8

Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская Беларуская проза XXI стагоддзя

Скачать книгу

могілках заўсёды царавалі вароны. І тады, калі пасаджаныя тут дрэўцы былі зусім маладзенькімі. І тады, калі дрэвы падраслі, зашумелі густой лістотай – надзейным сховішчам ад людскіх вачэй.

      Магчыма, гэта былі не толькі вароны, а і гракі. Але Антось не надта ўмеў іх адрозніваць. Лётаюць, гарлаюць, на фоне неба – аднолькава чорныя.

      Вось крумкачы тут дакладна не сяліліся. Крумкач – птушка гордая, самотная.

      Антось азірнуўся на сябрукоў, што ішлі за ім па засыпанай жоўтай лістотай дарожцы між каменных помнікаў, быццам па асушаным марскім дне з рэшткамі разбітых караблёў. У чарнявага, худога, як біч, Цыпрыяна адзін нос тырчыць з-пад расколатага напалам казырка дарэвалюцыйнай студэнцкай фуражкі; за ім уразвалку, нячутнай хадой паляўнічага ступае каржакаваты Міхась у бравэрцы з паднятым каўняром. Міхась – самы паважны з іх, бо амаль скончыў універсітэт і нават там жа, на першых курсах, выкладае. Нізенькі шчуплы Рыгорка з вечнай рахманай усмешкай і іранічны прыгажун Янук, як і ён, пачынаючыя паэты, разжыліся аднолькавымі шарачковымі пінжакамі – у педтэхнікуме давалі дапамогу дзецям беднаты. Прычым Рыгоркавы рукі хаваюцца ў рукавах цалкам, а Януковы вызіраюць ледзь не да локцяў. Нарэшце, ён сам у бацькавай куртачцы, зацыраванай на локцях… А які фантастычны абутак ва ўсіх! Адразу пазнаеш ваяроў, што замахваюцца вырашаць лёс краіны. Але хіба фландрскія гёзы ці чэшскія гусіты апраналіся больш самавіта і былі меншымі рамантыкамі, паўстаючы супраць магутных імперыі?

      Адна Марыля Гудзевіч, зеленавокая прыгажуня Марылька, якая ўжо скончыла педтэхнікум, бо была на два гады за яго, Антося, старэйшая, у сваім плюшавым пінжачку выглядае па-сапраўднаму элегантна. Вось толькі дарэмна яна ўвязалася за імі…

      – Сядайма тут, – скамандаваў Цыпрыян і першым апусціўся на каменную лаўку пад маладой таполяй.

      Ля яго сеў Міхал. Астатнія прымасціліся, хто як мог. Антось падумаў быў сагнаць Цыпрыяна, каб пасадзіць Марылю. Але ж яна пакрыўдзіцца – знайшоў карункавую паненку! Вунь, калючая і прыўкрасная, як шыпшына, незалежна прысела на масіўны чорны ланцуг, што звісае між слупкамі па краях нечае магілы, і пагойдваецца, адштурхоўваючыся ножкамі ў старэнькіх чаравіках ад прэлай могілкавай зямлі… Каркаюць вароны… Пазвоньвае ланцуг… Развяваюцца русыя пасмачкі валасоў на скроні… Поўны дэкаданс! А злева з дзяўчыны не зводзіць сініх, напэўна, яшчэ сінейшых, чым у яго, Антося, вачэй прыгажун Янук. Куды ўжо Антосю з ягонай правінцыйнай нехлямяжасцю…

      Лірычныя думкі перарваў Рыгорка:

      – Чулі, што Дзям'ян Стасевіч больш не рэктар універсітэта?

      – А яго за што? – недаўменна паціснуў плячыма Янук. – Крышталёва чысты перад савецкай уладай чалавек. За палякамі сядзеў як рэвалюцынер.

      – А цяпер – беларускі нацыяналіст, – зазначыў Рыгорка без заўсёднай усмешкі.– Як Шпадарук, як Антось Злыкун… Як Севачка…

      – Як усе мы, – падрахаваў Антось.

      – Я не нацыяналіст, я патрыёт! – ускочыў з месца Цыпрыян і смешна замахаў доўгімі рукамі.– Калі я каго пакрыўдзіў

Скачать книгу