Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 12
Няўжо так можа выглядаць "выдатны спецыяліст Канстанцін Сташынскі", як рэкамендаваў яго Марк?
Затое пры адным позірку на стосік старых кніг, лістоў і фотаздымкаў цёмныя вочы хлопца літаральна запалалі і ўвесь ён раптам змяніўся. Абыякавасць і іронія зляцелі з яго твару. Маладзён браўся за кожны аркушык так беражліва, быццам той мог рассыпацца.
– Вядома, я сустракаў гэтае прозвішча. Іван Канстанцінавіч Хмель… Янук Хмель… У трыццатых друкаваўся ў студэнцкай газеце універсітэта, у «Звяздзе»… І адразу пасля вайны, у сорак шостым, некалькі падборак. Вершы пафасныя, прымітыўныя. Але цікава другое – па ўсіх звестках, гэты чалавек памёр у сорак восьмым годзе. Пра Дарбутаў ведаю шмат – але пра тых, што бралі ўдзел у паўстанні шэсцьдзесят трэцяга. Дваіх з гэтага роду тады расстралялі, і чацвёра ці пяцёра былі сасланыя. Вы, значыць, іх спадчынніца…
Маладзён упершыню з цікавасцю зірнуў на Магдаліну.
– Ты, Косця, у глыбіні гісторыі не залазь, – незадаволена спыніў знаёмца Марк. – Лепш патлумач, якім макарам Дарбуты, а дакладней, вось ейны дзед, Антон Дарбут, з тым Іванам Хмелем мог быць звязаны.
– Колькі разоў табе казаць, – цвёрда прамовіў спецыяліст у джынсоўцы. – Я не Косця, а Кастусь. І не трэба пасмейвацца. Калі б я быў Гіві ці Джордж, ты што, зваў бы мяне Грышам? А што тычыцца дзеда тваёй дамы, то я, прабач, не правідца. Мне трэба падняць дакументы, пашукаць у архівах. Пакуль нічога сказаць не магу.
– Затое я магу, – не вытрымала Магдаліна. – Калі Іван Хмель вучыўся ў педтэхнікуме, мой дзед быў студэнтам філалагічнага факультэта ва універсітэце. І ён таксама паэт. І, напэўна, добры. І яшчэ ён быў нашчадкам візантыйскіх імператараў!
– Ты адкуль гэта ўзяла? – уразіўся Марк. – Нічога раней не гаварыла!
– Я сама толькі два дні таму даведалася… Вось… – Магдаліна нейкі час павагалася, але ўсё-ткі дастала з сумачкі кніжку ў зялёнай пацёртай вокладцы. Зірнула на Сташынскага… Характар у таго, відавочна, кепскі, але… Чамусьці Магдаліна падумала, што стары Хмель знайшоў бы, пра што пагутарыць з гэтым фацэтам…
– На апошніх старонках Іван Канстанцінавіч напісаў ліст да мяне.
Марк пацягнуўся да кнігі адначасова з Кастусём, і яны пачалі гартаць яе ўдвух, перашкаджаючы адзін аднаму.
– Нешта я не бачу тут запісаў,– нарэшце незадаволена сказаў Марк.
Магда адарвалася ад сузірання гравюры з алегорыяй Меланхоліі і ўзяла кніжку.
– Вось