Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 13
Магда заглынула таблетку адразу ж, як атрымала, не запіваючы вадой, і пасля гэтага доўга балеў страўнік.
Марк жартаваў над палахлівай дурнічкай. Пачалася кампанія супраць панікі, і сталася модным бравіраваць уласнай смеласцю і прагрэсіўнасцю. Людзі хваліліся тым, што загаралі, елі ягады, смяяліся над тымі, хто па-ранейшаму змагаўся з радыяцыйным пылам і спажываў замест свежых ягад леташнія кампоты.
Але Магда па-ранейшаму адчувала страх. У Маскве, праўда, страх адышоў. Яна чула размовы пра выступ беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, які адзіны ўголас сказаў пра страшную бяду. Хадзілі чуткі пра зону… Але чалавек заўсёды ахвотней верыць у лепшае.
І Магда паехала, прыдушыўшы сваю радыефобію. Да кампаніі далучыліся дзве сямейныя пары – Маркавы сябры па клубу фантастыкі. Смажылі шашлыкі над выкапанай у яшчэ вільготнай веснавой зямлі ямінай. Спэцкаліся бульбай, печанай у вогнішчы. Гаварылі пра Брэдберы і Шэклі, братоў Стругацкіх і ўласныя творчыя задумы. Адзін з фантастаў, у побыце – інжынер-канструктар, асабліва хваліўся незавершанай «падпольнай» аповесцю, у якой дзейнічае двухгаловы монстр пад імем Карл Маас-Энгеляс. І ўсе дружна ўгаворвалі Магдаліну кідаць ейныя артыкулы і пачынаць пісаць фантастычныя аповеды. Потым кабеты рвалі пяшчотны кураслепнік – бухматы бела-зялёны дыван усцілаў зямлю. Але Магдаліне было шкада кволых кветак. Сабраныя ў бясформенны жмут, яны хутка звешвалі белыя галоўкі і гублялі пялёсткі.
І Магдаліна не прыхапіла букеціка. Але насланнё нядаўніх дзён адышло, абляцела з яе, як тыя кволыя пялёсткі. Магда ўпэўнілася, што рамантычная гісторыя ейнага роду – толькі сон на верхняй паліцы ў цягніку Масква—Мінск. Нават цешыць самалюбства – мець такое багатае ўяўленне! Дарма Марк кажа, што з яе не выйдзе вялікай пісьменніцы. Яшчэ паглядзім!
Але дзяўчына ўсё-ткі не аддала Карла Карлавіча, якога Марк, правёўшы нявесту дахаты, імкнуўся занесці ў жывы куток суседняе школы, дзе ўжо ўсё было дамоўлена. Надта сумна паглядала птушка сваімі чорнымі вочкамі, надта трагічна сядзела на шафе, ухутаўшыся з галавой у крылы, як у плашч. Нават угаворы маці, якая цалкам была на баку будучага зяця, не дапамаглі.
– Ну, глядзі, калі сярод ночы твой крумкач загарлае «Невермор», як у баладзе Эдгара По, не прыбягай скардзіцца, – зазлаваў Марк і сышоў, нават не пацалаваўшы Магду на развітанне.
Гісторыя працягваецца
Гэта было ў панядзелак, а дзесятай раніцы, калі кожны самавіты грамадзянін мусіў шчыраваць на працоўным месцы, дадаючы мёду ў грамадскія соты. І мала хто задумваўся пра хуткае прышэсце пчаляра з дымаром.
У гэты дзень Магдаліна ўпершыню запляла валасы ў дзве тоўстыя кароткія касы. Правую перацягнула жоўтай гумкай, а левую – фіялетавай.
Швэдар