Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 15
– Усю хату твой крук загадзіў! У клетцы, бачыш, трымаць шкада! А ты ж у мяне пісьменніца, падлогу памыць – ручкі ўпэцкаеш. Паслухайся хоць разумнага чалавека – я пра Марка кажу, мяне ж ты за разумную не лічыш… Або забірай Карла, або я яго зараз з балкона шугану!
Магдаліна прыгнечана маўчала. Маці, яшчэ не старая прыгожая жанчына, прыгорбіўшыся, пайшла на кухню. Адтуль зараз жа раздалося адчайнае стракатанне машынкі-друкаркі – чарговая матчына «халтура». У Магды не хапала сумлення крыўдзіцца. Вядома, маці так ганарылася, што дачка паступіла ў маскоўскі інстытут, што выб'ецца ў людзі. А тут – ні вучобы, ні працы, адзін крумкач.
Так Магда апынулася перад пад'ездам свайго дома, з цяжкой клеткай, захінутай пледам у чорна-чырвоныя краткі, у адной руцэ, і парасонам у другой. Дожджык перакрэсліваў дарогу ва ўсіх напрамках, і ісці кудысьці відавочна не было сэнсу. Белыя анёлкі абселі каштаны і падскоквалі на пругкіх галінках, ловячы празрыстыя кроплі.
– Гэта ваша звычайная экіпіроўка для праменаду? – у пытанні чуўся вясёлы жах і нават павага.
Настырны Кастусь, сунуўшы рукі ў кішэні мокрай наскрозь джынсовай куртачкі, белазуба ўсміхаўся. Магдаліна рэзка развярнулася ўбок і рушыла амаль бягом па лужынах, абы сысці.
– Хаця ад дамы ў вас няшмат, але рэшткі выхавання ўва мне так і змушаюць прапанаваць дапамогу…
Магда спынілася. Ну і нахабнік!
Яна як мага пранізліва зірнула ў Кастусёвы вясёлыя вочы:
– Прабачце, я вельмі, вельмі спяшаюся!
І тут падаў адчайны голас Карл Карлавіч:
– Кар-р-равул!
І заварушыўся, аж Магда ледзь не выпусціла клетку.
– Што гэта ў вас там?!!
– Крумкач… Іван Хмель пакінуў…
– І куды ж вы яго несяцё дажджом?
– У школу… У жывы куто-ок… – Магдаліна раптам пачала неяк па-дзіцячы ўсхліпваць, стараючыся схаваць ганебныя слёзы ад непрыемнага суразмоўцы.
Кастусь уважліва паглядзеў на дзяўчыну, нахіліўся, расхінуў посцілку на клетцы. Між прутоў паказалася моцная шэрая дзюба, зірнула чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў, з залатой іскрынкай у цэнтры.
– Ну, прывітанне! Як цябе завуць, дружа?
І раптам з клеткі прагучала хрыплае, але цалкам разборлівае:
– Кар-рл Кар-рлавіч… Пр-рафесар-р…
А пры ёй не гаварыў! Магда аж плакаць перастала. Кастусь жа нібыта і не здзівіўся:
– Прыемна пазнаёміцца, калега. Малодшы навуковы супрацоўнік Кастусь Сташынскі… Кандыдат гістарычных навук… Можа быць, прафесар зойдзе да мяне на гарбату? Выключна ў навуковых мэтах… Мая бабуля вельмі любіць птушак, гасцей і выдатна пячэ піражкі.
Белыя анёлкі-суквецці гайдаліся на галінках каштанаў усё мацней, бо дождж ператварыўся ў залеву. І стаяць на месцы было глупствам.
…Прызнацца,