Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік). Наталка Харытанюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік) - Наталка Харытанюк страница 7
Калі зазваніў тэлефон, Ліна з гатовасцю падхапілася, знайшла яго на дне торбы, вычакала хвіліну, каб голас не трымцеў.
– Прывітанне, – асцярожна пачала яна. Голас у слухаўцы быў нізкі і знерваваны.
– Не, сёння я не магу, – яшчэ ветліва прашаптала Ліна. Голас патрабаваў тлумачэнняў.
– У бібліятэцы, – прыдумала самы кароткі адказ Ліна: на даўжэйшы сказ – яна баялася – ёй бы не хапіла паветра.
Голас пракрычаў нешта злое і кароткае. І яшчэ раз.
– У бібліятэцы, – хутка паўтарыла Ліна.
Са слухаўкі пасыпаліся пагрозы. Пасля настала мёртвая цішыня – і ўжо нешта ціха спытаў надарваны голас.
– Кім я хачу стаць? – няўпэўнена паўтарыла яна.
Ліна паглядзела на расцяжку. Пасля на гадзіннік – часу заставалася мала. І нарэшце: – Мёртвым катом, – прашаптала яна – здзіўленая тым, што нарэшце сказала гэта. І дадала: “Дадому я больш не вярнуся”.
Цяпер ужо спыняцца не было сэнсу. І раздумваць цяпер – таксама сэнсу не было ніякага.
“Мёртвым катом,” – прашаптаў зачараваны маёр Вайтовіч, адключаючы праслухоўванне. Ён яшчэ пасядзеў над незапоўненым пратаколам, нешта запісаў дрыжачай рукой. І – шчаслівы – заснуў.
Маёру снілася, што на гэты раз ён не вагаючыся націсне на газ – і яны з Лінай уцякуць ад усіх. Ззаду заставаліся: ростань, адкладзеныя спадзевы, чаканні. Наперадзе – бадзянні, бадзянні, бадзянні. Ён націснуў на газ і з жахам зразумеў: машына не скраналася з мейсца.
Яго зноў абудзіў хлопчык-цень, які, здавалася, жыў у гэтай кавярні. Маёр ужо нічому не здзіўляўся і не пытаў хлопца, хто ён такі.
– Што ў цябе з вачыма? – спытаў замест гэтага сонны маёр.
– А што ў цябе? – грозна перапытаў хлопец. Маёр падышоў да люстэрка – вочы ў яго былі чырвоныя і набухлыя. “Ад слёз,” – падумаў маёр, прыгадваючы сон.
– Ад слёз, – перадражніў яго хлопец, дастаючы з-пад фатэля паўпустую бутэльку віскі.
– Ты хочаш маёй смерці? – у роспачы запытаўся маёр, прысоўваючыся бліжэй да хлопца.
– Як цікава яны разбягаюцца, – сказаў хлопчык, разглядаючы зморшчынкі трывог на ілбе маёра.
– Чаму тады ты прыходзіш? – вінавата апусціў вочы маёр. – Я быў малады… – Не апраўдвайся, – перапыніў яго хлопец. Ён сказаў гэта пастаўленым барытонам, якім так ганарыўся маёр. Абодвух расчуліла нечаканае супадзенне.
Расчулены, хлопчык яшчэ пахадзіў вакол маёра, хітаючы галавой ды нешта прыгадваючы, – і зноў знік сярод ценяў.
– Чорт, – пяшчотна паглядзеў яму ў след маёр і, расхваляваны, заспяшаўся следам за хлопчыкам.
Калі Ліна апынулася за некалькі метраў ад таго скрыжавання, дзе вешалі расцяжкі – яна адчула, як шалёна б’ецца пульс у скронях. Далей яна нічога не бачыла… пакуль не падбегла да дроту. Праз дрот яна мусіла