Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў страница 15
На маё шчасце, адразу на КПП сустрэў Юрка, як заўсёды, увесь адпрасаваны і начышчаны. Ён, аказваецца, даўно мяне тут пільнуе, каб зноў не прычапіліся якія-небудзь салагі. Юрка сам мяне правядзе ледзь не да генеральскага парога, каб я не бадзяўся абы-дзе, а своечасова быў на месцы як штык. Дзеля гэтага ён нават змыўся ад свайго старшыны, за што, вядома, можа і нагарэць, калі той схамянецца. Ну, скажыце, як такога таварыша не любіць? Гэта ж не Юрка, а – родны брат. З такім, як кажуць, і ў разведку можна ісці. А калісьці я думаў, што ён самахвал, – там, на нашых вясковых танцах.
– Ты генерала не бойся, не будзь мямляй, – быццам заглянуўшы ў маю душу, падбадзёрвае мяне Юрка дарогай, – у нас Баця справядлівы. Праўда, і строгі, але стружку здымае больш з афіцэраў.
Маім вушам не верылася: генерал і – Баця. Я гэтаму вельмі здзівіўся і абрадаваўся, душа крыху супакоілася, пачала вяртацца мая адвага. Калі б ён яшчэ і стружкі не здымаў, можна было б і зусім асмялець. Толькі ж чаго мяне кліча той Баця?
– А недабор, – растлумачыў Юрка. – Прыймовая камісія перастаралася, многа адсеяла.
Цяпер я ў душы злараднічаў: так ім і трэба, а то пераборлівыя вельмі – той ім не падыходзіць, гэты ім не падабаецца, падавай ім адных выдатнікаў. Гэта ж добра, што Баця-генерал справядлівы, мабыць, ён паказаў той камісіі, дзе ракі зімуюць, каб не грэбавалі такімі, як я.
У доўгім калідоры, пад дзвярыма генеральскага кабінета, якія абабіты чорнай цыратай, з надпісам на шкляной таблічцы: «Начальнік вучылішча» таўклося адсеяных душ з пятнаццаць. I ў мяне ўжо каторы раз за сённяшні дзень зноў спынілася сэрца. Па тварах хлопцаў я здагадаўся, што паперка ў маёй руцэ – гэта яшчэ не ўсё, што казаць «гоп» яшчэ рана. Напэўна, генерал сам высеўкі перасявае. I як у ваду глядзеў!
Нас пачалі выклікаць у кабінет па адным. Першыя двое выскачылі з кабінета праз адну-дзве хвіліны з усмешкай на ўсе зубы – залічаны. А ў іх жа таксама адзнакі на экзамены былі не золата. Народ пад дзвярыма павесялеў, а з народам – і я. Прарвёмся!
А трэці быў там з паўгадзіны. Што там генерал з ім робіць, чаму так доўга трымае? Смялейшыя спрабавалі нават падгледзець у замочную шчыліну – ні хваробы не відаць. Хлопцы затрывожыліся – і нездарма: выйшаў ён адтуль чырвоны, разгублены, нічога нам не сказаў, толькі ў роспачы махнуў рукой і падаўся моўчкі на вуліцу. А што тут гаварыць – не прынялі.
Пасля гэтага выклікалі мяне. Я пераступіў генеральскі парог нібы ў сне, пераступіў і адразу разгубіўся, бо зразумеў, што гэпаць па генеральскай падлозе маімі чаравікамі, як вучыў нас с Санькам той салага пры першым нашым з’яўленні ў вучылішчы, мабыць, нельга: падлога тут далікатная – не з дошак, а нейкіх клёпак у елку, – таму па бацькавай навуцы і пачаў рапартаваць з самага парога:
– Таварыш генерал!
I не пазнаў свайго голасу, быццам я свісток праглынуў, такі ён аказаўся