Завяршыць гештальт. Макс Шчур
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур страница 12
Дваццаць гадоў таму, калі мне самому было дваццаць, я, ураджэнец палеска-падляскага памежжа, упершыню ехаў на так званы Захад, замест шчыта ўзброены сшыткам, які мне хтосьці незадоўга да таго падараваў – нібы ведаў, што мне патрэбна дзеля падтрыманьня баявога духу, залуналага тады ў аблоках пэрманэнтнай юначай дэпрэсіі. На вокладцы сшытку была выяўленая мапа – ды што мапа, папросту карціна! – Эўропы, якою тая паўстае з вышыні палёту касьмічнага спадарожніка або міжкантынэнтальнай ракеты. Маўляў, не згубіся ў вялікім сьвеце, хлопча! – хаця дарог, межаў і нават гарадоў пазначана не было, спрэс зелень, горы й вада, як у зямным Раі; над мапаю – зорачкі Эўразьвязу й буйнымі літарамі надпіс: «Джэнэрэйшн Юрап». Агулам выява досыць падобная паводле стылю да вядомай застаўкі кінакампаніі «Юнівэрсал Пікчэрз» – як шмат усяго яна штораз абяцае гледачу на самым пачатку фільма! Дык вось, гэтаму клятаму сшытку (што выглядаў рыхтык як невялікага памеру кніга, старонак у трыста), канец канцоў, я і «абавязаны» ня толькі тым, што жыву «на Захадзе», але й тым, што з часам ператварыўся ў графамана. Менавіта ў ім я пачаў занатоўваць усякую лухту: спачатку толькі карысныя факты, адрасы, каардынаты, тэлефоны, асобныя падзеі, даты, гадзіны; пасьля – цытаты, афарызмы, сэнтэнцыі, максімы, а ўрэшце, даруй божа, уласныя думкі, уражаньні і нават – сорамна сказаць – вершы! На іх мяне неяк прабіла адразу ж пасьля вяртаньня зь Юрапу на радзіму. Як толькі сшытак закончыўся (на што мне спатрэбілася каля году – роўна столькі, колькі нашым айчынным спэцслужбам, каб адшукаць яго аўтара), у мяне настаў такі глыбокі душэўны крызіс, што ўратаваць мяне ад яго магла адна эміграцыя – мне карцела зьехаць ужо дзеля таго, каб набыць сабе яшчэ адзін такі самы сшытак, пакуль іх там не перасталі выпускаць (перасталі). Цяпер ужо і ня ведаю, ці не спаліў я яго празь нейкі час па п’яні, ці мо проста выкінуў – у кожным разе, я даўно яго ня бачыў і не шукаў. Калі б цяпер ён трапіўся мне ў рукі, то першае, што я б зрабіў – гэта прыпісаў бы да слова «Джэнэрэйшн» яшчэ «Дэ», зрабіўшы з генэрацыі дэгенэрацыю: атрымалася б кніга, ня горшая за тую папярэднюю, хай сабе з тым жа зьместам. Хіба што нашмат больш праўдзівая.
Як ні сьмешна й ні ганебна прызнавацца ў гэтым у маім веку, на той замацанай мапе-вокладцы