Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 15
Ён зрабіў паўзу, перш чым перайсці да наступнага моманту ў сваіх дэфініцыях. Барыс уважліва слухаў.
– Мы ж не Фінляндыя, шо недзе з краю Расеі, збоку прыпёку. А Фінляндыя вырвала незалежнасць! Мы ў самым цэнтры матухны Еўропы, у зручным для ліхадзеяў месцы, таму і інтарэс у расейцаў да нас воўчы. Таму і ездзяць па нашай хрыбеціне, шо жалю варта. Але ж у семнаццатым годзе мы паймелі гонар, заварушыліся. На нашым баку быў закон, была справядлівасць, якой вымагала гісторыя. Нас неўзабаве прызналі дзяржавы. Адно, братка, не выстарчыла сілы, каб абараніцца ад варвараў гэтага паноўленага веку. Не склалася. А цяпер, пане, ці можаш ты мне сказаць, шо ў той нашай палітычна і культурна самавітай рэспубліцы селяніну жылося б горш, чым жыве ён за Саветамі? Не думаў пра гэта?..
– Не, светлы пане, вашы думкі для мяне зусім новыя. Шчыра кажучы, я з іншых.
Скірмунт уважліва паглядзеў на яго:
– Ты камуніст?
Барыса кінула ў жар, чырвань выступіла на твары.
– Віншую! Не чакаў, аднак, шо і ты з імі. Э-ей… Камунізм – не шо іншае, як псіхічная містэрыя. Яна запаланіла Расею, і не толькі Расею. Бальшавікі нацкавалі рабочы клас на буржуяў, а потым і на палітычную апазіцыю – так званых белых. Вайну супраць спрадвечнага ўкладу жыцця і духу народа назвалі рэвалюцыяй. А які ж буржуй з заможнага селяніна ці святара? Іх таксама амаль знішчылі. Вось я буржуй. Па ўсіх канонах! Так… Але ж ці ведаеш ты, шо мой дзед, перш чым стаць капіталістам, доўга вучыўся ў Еўропе, набыў тое, шо завецца еўрапейскай культурай, набыў веды інжынера, тэхнолага.