Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 11
– Я не выключаю гэтага. – Раздзялоўскі зрабіў паўзу. – Прага да ўлады губіць чалавечыя душы.
– І што ж далей?..
– Пры ўзяцці чырвонымі Перакопа войскі атамана Махно былі кінуты на самы цяжкі ўчастак; яны ў лоб бралі Турэцкі вал і мелі найвялікшыя страты. Засталося пяць тысяч герояў штурму, і іх з тылу подла і жорстка расстралялі. Па загадзе таго ж Троцкага, паплечніка Леніна. Ваяр Махно страціў нагу, але ўратаваўся. Пасля гэтага, унікаючы чырвонай галгофы, ён па-новаму сабраў войска і пачаў рэйды помсты па Украіне і Расеі. Цяпер ужо без усялякай літасці распраўляўся з камісарамі, чэкістамі, кіраўнічымі партыйнымі і савецкімі работнікамі. Як злы дэман, ён пакідаў пасля сябе адмысловы крывавы след. Ужо летам 1921 года, камандуючы рэшткамі сваёй арміі, Махно змог выскачыць з пасткі і ўцячы за мяжу, нібыта ў Румынію… Так чуў… Казалі, у 22-м годзе яго бачылі ў Польшчы, адкуль нібыта ён падаўся ў Парыж. Не выключана, што там і цяпер жыве.
Пятро Пісарчук доўга маўчаў, уражаны такім драматычным і трагічным канцом гэтай рэвалюцыйнай, з дазволу сказаць, эпапеі.
– А ці ж гэтага заступнік сялян заслугоўваў? – не то вымавіў, не то прастагнаў ён і звярнуўся да Бога: – Божа-Божа, чые шляхі і чый лёс выпрабоўваеш?!
– А гэта тайна вялікая ёсць! – па-біблейску адказаў Раздзялоўскі і праз нейкі момант працягваў: – Я, браце Пятро, не даў веры той показцы, якую прынёс мне аднойчы, уцякаючы з Расеі, манах – не манах, дваранін і думскі дзеяч Георгій Шачкоў. Пакуты пачаліся ў яго з Пецярбурга. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, сумуючы па цару, які адрокся ад прастола, ён пеша выйшаў са сталіцы і падаўся ў Валынцава Курскай губерні. Надарыўся кастрычніцкі пераварот, і заставацца ў сваім маёнтку было небяспечна. Шачкоў развітаўся са стогадовымі дубамі і ліпамі свайго любімага парку і рознымі спосабамі дастаў горада Кіева, прыйшоў да родной сястры. Што перажыў там, Божа літасцівы! – Бацюшка пахітаў кудластай сваёй галавой. – Бальшавікі бамбілі Кіеў на працягу адзінаццаці дзён. Потым уцёкі пятлюраўцаў, якія абаранялі горад, бальшавіцкія экзекуцыі, расстрэл тысяч людзей, павальныя рабункі… І зноў Пятлюра разам з немцамі, за імі – улада гетмана Скарападскага, калі люд адпачыў трохі, тады – па новаму заходу – пятлюраўцы. Лук’янаўская турма для двараніна Шашкова, бальшавікі, дзянікінцы… З дзянікінцамі, нарэшце, адступае далей на поўдзень, імкнучыся ў Адэсу. Напалоханы, стомлены, змучаны душой і целам, гэты «недабіты буржуй», калі прыйшоў да мяне, прамаўляў паўшэптам ці то Богу, ці мне: «Бальшавізм, апанаваўшы Расею, ёсць не што іншае, як барацьба з Богам і хрысціянствам…» Вось як.
– І дзіва няма, ойча Георгій, усё на тое паказвае. – Пісарчук палічыў, што святар Раздзялоўскі ўжо скончыў расказ пра бывальшчыну, не такую і далёкую, каб не брала за сэрца, і прыўзняўся ў крэсле, наважваючыся развітацца, але той працягваў:
– Я пацікавіўся ў Шачкова, да знямогі абабітага жыццём чалавека, ці доўга яшчэ бальшавікі з народам у рожкі будуць хадзіць?
– І