Знак Вялікага магістра. Вольга Іпатава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава страница 7
Праз тры гадзіны спацелыя, закалыханыя мерным бегам коней ды кружэннем зялёных круглячак – кронаў навакол, абкружаныя хмарамі камарэчы воі спыніліся на прагаліне і праехалі трохі ўглыб, на вялікую паляну, усю ў пажухлых ужо, але там-сям ярка-жоўтых кветках сьвятаяньніку, недалёка ад якой, як казаў Гердзень, ёсьць ручай. Нехта пазнаў, што гэта Альгердава паляна, але астатнія толькі чулі пра яе, але былі тут першы раз. Коннікі заняліся кожны сваёй, загадзя адведзенай яму справай: Сокал стаў на старожу, пільна азіраючыся вакол, Гердзень павёў коней да ручая, Заяц хуткімі, спрактыкаванымі рухамі рэзаў каравай хлеба з дарожнага сака, каб маглі яны падмацавацца на далейшую дарогу, Ян, седзячы на кані, цаляў у бліжэйшую сасну кінжалам, астатнія расцягнуліся на траве. На наступным прыпынку, як меркаваў галоўны з іх Гердзень, яны заначуюць у карчме, а цяпер воі ляжалі на пажоўклай мяккай траве, раскінуўшы рукі, заплюшчыўшы вочы, як бы выкарыстоўваючы кожную хвіліну адпачынку. І толькі Даніла, пабачыўшы недалёка ад сябе звілістую паласу, паклаў дзіду каля Зайца і асцярожна пайшоў з паляны, назіраючы зверху за гадзюкай, якая ўцякала ад яго, то звіваючыся тугімі цёмна-шэрымі колцамі, то выпростваючыся ў бліскучую, з белаватымі ўзорамі стужку.
Ён пачуў голас Гердзеня, які клікаў бацьку. Ён крычаў, што ягоны конь абступіўся, залез у балота. Даніла здзівіўся, што такі вопытны вой кліча вартавога, а не некага з тых, што адпачывалі. Паспеў яшчэ пакпіць з сябе: “Ды якая можа быць небяспека тут, у гэтым ціхім лесе?”, і тут жа адчуў свіст паветра над самай сваёй галавой. Імгненна – спрацавала шматгадзінная вывучка ў замку – паспеў адхінуцца, хаця толькі на паўкорпуса, але гэта саслабіла ўдар – аглушальны, як пярун, які іначай немінуча рассёк бы яго напалам. Канец мяча апёк яго правую шчаку, упіўся ў плячо, і за гэтае кароткае імгненне Даніла ўсё ж паспеў убачыць таго, хто ўдарыў яго гэтак подла, гэтак знянацку – ззаду.
Высокі, шыракаплечы чалавек у чорным карзне[23] з капюшонам трымаў меч, ужо ўздымаючы яго для новага ўдару, яго сінія ледзяныя вочы глядзелі спакойна і холадна, як глядзіць, мабыць, сама Смерць. Але на вуснах шырокага, прыгожага маладога твару адбілася пагардлівая ўсмешка – і яна гэтак жа адбілася і ў Данілавых вачах. У наступнае ж імгненне хлопец, уцяміўшы, што не паспее выхапіць свой корд[24] ды і нічога ня зробіць ім супраць мяча, кулём кінуўся пад ногі нападніку, але той не грымнуўся на траву, як мог таго чакаць Даніла, толькі сагнуўся, але ўтрымаў раўнавагу. Але і гэтага кароткага імгнення было дастаткова
23
карзно – плашч
24
корд – кароткі кінжал