Знак Вялікага магістра. Вольга Іпатава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава страница 8
На гэты раз да свядомасці яго прывёў нейчы знаёмы голас. Ён гучаў не так, як звык яго чуць Даніла. І ён напружыўся, услухоўваючыся ў словы, што даносіліся знізу:
– Ваша міласць, дык як жа так?
У адказ пачулася кароткае гергетанне. І зноў жаласліва загучаў голас:
– Дзе ж мне яго шукаць?!
Рыкнуў той жа гергетлівы, і зноў заплакаў-зажаліўся знаёмы голас – дык гэта ж Гердзень!
– Ваша міласць! Мы ж тут усё абшукалі, а лес вялікі. Ён недзе пад кустом ляжыць, здыхае. А мне самому ўцякаць трэба, ды як жа гэта зрабіць без грошай?!
Даніла зразумеў: здраднік не атрымаў таго, што яму абяцалі, і гэта сталася з-за яго, Данілы. Не можа быць, каб нехта яшчэ ўцёк, апроч яго, каб некаму так пашанцавала, так пашупіла. Хлопец прыўзняўся, трымаючыся за шурпатую, нібы каменную кару дуба. Востры юнацкі зрок яго, хаця і затуманены болем, выгледзеў недалёка ўнізе, між дрэвамі, купку людзей. Гердзень стаяў перад чалавекам у чорным плашчы. Гэта яго голас даносіўся сюды, і Даніла чуў усё, што адбывалася на паляне. Угледзеў некалькі целаў, што валяліся ў траве, і сэрца яго сціснулася ад вострага болю – мабыць жа, і бацькі няма ў жывых! Узгадаў, як Гердзень, які паклікаў Сокала з паста, і ўцяміў імгненна, што той, клічучы на дапамогу, проста выманьваў бацьку, каб з ім расправіліся найперш. Тады ж узгадалася, як настойваў гэты пярэварацень на тым, каб у атрад узялі Данілу – мабыць, таму, што разлічваў: з маладзёнам справіцца лягчэй!
Чалавек у плашчы паблажліва паляпаў Гердзеня па плячы. Даніла прыжмурыў вочы, стараючыся разгледзець яго твар. І – на імгненне – той твар нібы наблізіўся. Сон гэта ці не? Ён бачыў, як цвёрда, нібы сваё, бярэ чалавек знаёмы куфэрак, які так беражліва везлі яны з Лідскага замка, і перадае некаму з нападоўцаў.
Чуецца нейчы голас:
– Gut, sehr gut, von Schomberg![25]
Чалавек у чорным плашчы задаволена ўсміхаецца, але тут жа пагрозліва паказвае Гердзеню ў бок лесу.
– Я прывяду сюды сваіх людзей. Гіцаль не ўцячэ…
– гучна клянецца той.
Пасля ўсе ўскокваюць на коней і знікаюць з вачэй, а Гердзень трасецца за імі, і глухі тупат капытоў па мяккай зямлі стукае ў галаву Данілы, як палка ў бубен.
25
Добра, вельмі добра!