Бог кахання Марс. Сяргей Балахонаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Бог кахання Марс - Сяргей Балахонаў страница 6
– Ты толькі паглядзі, што ён кажа! – нервова вохкала Марына, чытаючы ў сеціве шчырае інтэрв’ю.
– Мілая, ты ж ведаеш, што я не ўмею чытаць па-беларуску, – нагадаў ёй свежапрыдбаны муж, зялёны навабранец Венерынай раці.
– Я табе перакладу зараз, – цяжка дыхаючы, вымавіла яна. – Толькі не ўпадзі. Вось: «Я даўно кахаю адну дзяўчыну. Цяпер у нас вельмі складаны перыяд. Але гэта анічуць не скасоўвае маіх пачуццяў да яе. Бог стварыў нас адно для аднаго. І што б там ні было – разлукі, жыццёвыя віхуры, матацыклетныя гонкі – мы ўсё адно будзем разам. Раней ці пазней, але будзем».
– Не, я разумею, што кожнаму сваё рамяство. Каму як божанька паклаў, – прахаджаваўся туд-сюд Марку па нацягнутым канаце цярплівасці. – Але што ні археолаг, то паэт. Што ні паэт, то вар’ят. А чым большы вар’ят, тым хутчэй журналісты збягаюцца. Як пацукі на флейту з Гомеля.
– Гэта ты каламбурыш? – павесялела ад яго мудрыкаў маладзіца.
– Я незнарок. Ёсць у нас майстры каламбураў. Герадоты недаробленыя. Шліманы недапечаныя. Так накаламбураць, што падзецца няма куды. Хоць ідзі Авідыю скардзіцца. Да чаго твой колішні вядзе, кажучы, што вы будзеце разам?
– Альбо ён сапраўды канчаткова з’ехаў з глузду і пасяліўся ва ўласным сусвеціку, альбо гэта непрыхаваная пагроза нам з табою, даражэнькі, – неахвотна разжоўвала мужу Марына.
– Дай мне тэлефон. Я пазваню яму.
– А сэнс? Усё будзе як мінулым разам. Да таго ж, фармальна выглядае, што мы з табой пераследуем яго, дастаючы званкамі з пагрозамі.
– Але ж ён павінен ведаць, што мы з табой пабраліся шлюбам, што мы кахаем адно аднаго, што ў нас усё добра… Ён павінен зразумець, што няма чаго совацца туды, дзе кіпіць чужы гаршчок.
– Я думаю, пра шлюб ён ужо ведае, а ўсё астатняе ставіць пад вялікі сумнеў.
Муж агаломшана зірнуў на яе. Пэўны час ён маўчаў, а потым вельмі асцярожна спытаў:
– А ты сама гэта пад сумнеў не ставіш?
Яна ціха засмяялася, падалася да яго і, прыгарнуўшы, сказала:
– Дакладна не. Не верыш?
– Веру. Але гэты далакоп мне вельмі надакучыў. Я адчуваю сябе нейкім мікробам пад лінзамі мікраскопа. Варушуся. Вучуся. Ганяю на матацыкле. Кахаю цябе. І ўвесь час такое ўражанне, быццам ён назірае за мной.
– Не перабольшвай. Не такі ён усёмагутны і кручаны, якім хоча здавацца. Павер ты мне, бо год стасункаў з ім…
– Не працягвай. Нават чуць не хачу, што ў вас было. Як там у Іянэску? «Мой нораў, на жаль,