Бог кахання Марс. Сяргей Балахонаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Бог кахання Марс - Сяргей Балахонаў страница 9
Пасля калумбійкі да кафедры запрасілі госця з Беларусі. Насуперак таму, што было пазначана ў праграмцы, мадэратар абвясціў даклад «Матывы адзіноты ў архаічных беларускіх народных песнях», з якім выступаў Ягор Руткоўскі. Такая сабе замена гульца на полі. Марыну з мужам ад пачутае навіны скаланула. Яны няўцямна перазірнуліся. Марку вельмі баяўся, каб жонка не падкінулася новай істэрыкай. Тая ж, адчуваючы паскораную пульсацыю ў скронях, усё ж намагалася захаваць раўнавагу. Адкрыццё навуковай канферэнцыі – не тое месца, дзе можна было даваць волю істэрычным праявам.
– Можа, выйдзем? – хваляваўся муж.
– Не. Інакш гэта нам будуць прыпамінаць да канца жыцця, – жонка выстаралася мужнасці. – Дый яму лішняй нагоды для радасці не хачу даваць.
Руткоўскі прывітаў залу па-румынску і па-беларуску, а далей выступаў на англійскай мове. Казаў, што матыў адзіноты найбольш выразна назіраецца ў сіроцкіх, удовіных, частцы любоўных і восеньскіх песень. Зрабіў акцэнт на тым, што ў большасці песень адлюстравалася жаночая адзінота, тады як інтанацыі мужчынскай скаргі на адзіноту сустракаюцца толькі зрэдчас. Пералічыў назвы некаторых песень, у тым ліку і ў арыгінале. Працытаваў беларускага даследчыка Віктара Каратая: «Матыў самотнасці мае ў творах досыць шырокую меладычную амплітуду: ад журботнага піянісіма да магутнага фортэ, а ў ансамблевых спевах – і да крэшчэнда». Выказаў уласнае перакананне, што для беларусаў песні пра адзіноту з’яўляліся адначасова і лекамі ад яе. Без папярэджання праспяваў урывак з народнай балады:
Усе коні вараныя –
Адзін конік белагрывы.
Павёз дзевачку і к мору,
Павёз красную не ў пору.
Я цяпер іду адзін
На вазерушка Ліцвін.
І пакуль публіка не паспела асэнсаваць раптоўнае відовішча, Ягор паўшэптам – так, як ён звычайна шаптаў што-небудзь ласкавае Марыне – прадэкламаваў пераклад урыўка на англійскую, пасля чаго з усмешкай падзякаваў усім за ўвагу. Зала грымнула воплескамі – мабыць, найгучнейшымі за ўвесь час ад пачатку канферэнцыі. Нават Марку ледзьве не запляскаў, але ўчасна ўстрымаўся, злавіўшы няўхвальны позірк жонкі. Яна не жадала ствараць нават імітацыі апладысментаў. Мадэратар абвясціў перапынак.
Намагаючыся не выдаваць сябе, Марына паглядала на свайго колішняга каханка. Сутыкнуцца з ім у кулуарах было для яе дужа сумнеўным шчасцем. Марку таксама гэта разумеў. Ён вымеркаваў зручны момант і вывеў жоначку з залы, каб верагоднасць сустрэчы з праклятым госцем Канстанцы звесці да мінімуму. Атрымалася. Яны