Парыж, Эйфелева вежа і…. Виктор Правдин
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Парыж, Эйфелева вежа і… - Виктор Правдин страница 7
– І за што мне ўсё гэта… Хоць бы меткай якой адрозніваліся… Хоць бародаўкай, хоць радзімай плямкай…
– Ад каго дзіця?.. Хто бацька?.. – строга запытаўся Алесь, і зноў у пакоі запанавала напружаная, хісткая цішыня.
Люся паволі ўзняла вільготныя вочы і нейкі час доўгім стомленым позіркам паўглядалася ў аднолькавыя пакамечаныя твары блізнят. Яна не адчувала сябе вінаватай і не хацела ні ў чым апраўдвацца. І ўсё ж у грудзях як нешта надламалася, шчымлівае пачуццё жалю слязлівай злой крыўдай напоўніла душу. Ёй раптам расхацелася даказваць сваё каханне.
– А вы абодва… – ціха, але рашуча сказала яна, змахнула са шчакі няпрошаную слязінку, дадала: – Па-іншаму і быць не магло…
– Як гэта?.. – разам ускрыкнулі браты і пераглянуліся.
– А вось так!.. Дзіця народзіцца і, канешне, не на Пушкіна будзе падобнае…
– А на каго? – нецярпліва перапыніў каханку Андрэй.
– Вы не толькі насы расквасілі, пэўна, і мазгі па падлозе растрэслі, – надрыўна рассмяялася Люся. – Ад яблыні яблык, ад елкі шышка… Зірніце ў люстэрка… Хоць разам, хоць паасобку, а твар адзін убачыце… І дзіця гэткае будзе…
Збітыя з панталыку браты не маглі засяродзіцца на пачутым.
– Люся, не круці хвастом, ты ведаеш, што мы хочам ад цябе пачуць, – сцягваючы з сябе перапэцканую вінаградным сокам тэніску, сказаў Андрэй.
Люся ўбачыла на плячы палюбоўніка ашчэраную пашчу тыгра і з палёгкай выдыхнула:
– Андрэй, дзіця ад цябе…
– Гэта праўда?! – усхваляваны Андрэй укленчыў перад Люсяй, уткнуўся тварам ёй ў калені, зашаптаў: – У мяне будзе сын!..
Шчаслівая Люся парывіста цалавала каханка, гладзіла дрыжачымі рукамі і ціха прыгаворвала:
– Даруй, любы, што не сказала раней… Доктар вызначыў тэрмін пяць тыдняў.
На душы ў Алеся было прыкра і моташна. Ён нейкі час адсутным, халодным позіркам паўглядаўся ў палюбоўнікаў і, каб зноў не зрабіць якое глупства, усунуў рукі ў кішэні, рэзка крутнуўся да шафкі-бара. У думках дакараў сябе за нястрыманасць, за ўчыненую бойку, за тое, што даўнія летуценныя мары пра бацькоўства сёння ўспрыняў як нешта блізкае, і зноў адчайная, помслівая злосць брала верх, як ні намагаўся задушыць яе. Цела апякло гарачай хваляй сляпога гневу, у скронях нясцерпна тахкала: «Дзіця магло быць маім…» Каб прыглушыць гэты колкі боль, Алесь каўтануў адну чарку каньяку, другую,