Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд. Алег Грушэцкі
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд - Алег Грушэцкі страница 11
– Такая страшная?
– Хутчэй магутная! Семаргалу агонь падуладны, а Маразанна ўсё, што пажадае – у лёд ператварае. Што там казаць – нават агонь у сілах калі не замарозіць, дык пагасіць сваім холадам. І сэрца ў яе, кажуць, ледзяное. А Волх, пагатоў, наогул ёй не раўня, і побач з ёй не стаяў. Яго магчымасці так, дзіцячыя забавы. Бо Маразанна не папросту вецер магла выклікаць, а такі ўраганны віхор, што рукі-ногі павыкручвае, ды шыі ўсім зломіць.
– Як жа яму собіла з ёй звязацца?
– Нездарма ж кажуць – як топішся, то і за вострую касу схопішся. Падобна, што не бачыў ён іншага выйсця ў той момант, вось і быў вымушаны дамаўляцца. Толькі дамова апынулася тая не танная.
– Высокую цану за сваю дапамогу прызначыла?
– Толькі пазней усе зразумелі, наколькі. Яна папрасіла ў якасці платы для сябе тыя землі, якія былі вынішчаныя і пахаваныя пад тоўстым слоем попелу і таго расплаву, што скамянелым панцырам пакрыў глебу. Часу на разважанні не было, і Семаргал пагадзіўся. Зрэшты, тыя землі падаваліся ўжо ні да чаго не прыдатнымі. Сваё слова яна выканала. Спусташальная плынь, вогненная кроў зямлі, была спыненая, а дакладней – замарожаная. А спаленая зямля пакрылася ледзяным покрывам. Нічога жывога ўсё адно расці на такім месцы не магло, таму і Семаргал напачатку лічыў, што няшмат згубіў, аддаўшы тыя тэрыторыі вядзьмарцы. Але каварства яе выявілася пазней, калі яна ўжо добра замацавалася на тым месцы. Адна бяда ідзе, другую за руку вядзе. Мала таго, што зямля была папаленая, дык яшчэ тады і год неўрадлівы выдаўся. І тут Маразанна прапанавала яшчэ адну сваю дапамогу. Бо не толькі замарожваць усё яна ўмела, але і глебу багатай рабіць. Настолькі, што нават на пяску ўраджай мог узрасці. Хоць і не задарма, вядома ж. Ад кожнага двара, якому дапамагала, патрабавала па аднаму жыхару, каб на працягу цэлага месяца адпрацоўваў ёй паслугу – насіў вёдрамі ваду.
– А вада ёй навошта?
– Яе вядзьмарка ператварала ў лёд, з якога пабудавала сабе ля падножжа гары сапраўдны палац. Хоць і з лёду, і не такі вялікі, як каралеўскі, але надзвычай пекны, які сваёй асляпляльнай прыгажосцю ззяе ў промнях сонца, і з вытанчанымі вежамі, што ўзносяцца высока да неба. Напачатку жыхары нават з удзячнасцю выконвалі сваю працу, бо зямля зрабілася тлустай, іх гаспадаркі ўрадзілі, як ніколі, зерне закаласілася, агародніна налівалася сокам, усё заквітнела і цешыла вока. Маразанна і тут стрымала сваё слова. Але хутка стала зразумелым, што немагчыма разарвацца паміж сваёй гаспадаркай і адпрацоўкай доўгу. Бракавала не толькі часу, але і сіл, бо справа была вельмі не лёгкай. Вось тут Маразанна ўпершыню свой характар і выявіла. На тых, хто быў не ў стане адплаціць ёй сваёй працай, яна насылала сваіх служкаў – паветрыкаў.
– Што яшчэ за яны?
– Малыя і шкодныя стварэнні. Паасобку