Святло далёкай зоркі. Уладзімір Касько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Святло далёкай зоркі - Уладзімір Касько страница 23
У творах «Іванка Прастачок», «Мужык і пан» і іншых ярка адлюстраваны перыяд прыгоннага права, адчуваюцца антыпрыгонніцкія, бунтарскія настроі. У шэрагу больш позніх запісаў атрымалі развіццё ідэі сацыяльнай расплаты («Пану навука»), мары сялян аб роўнасці і шчасці («Асілак»).
Да нацыянальных асаблівасцей беларускіх казак варта аднесці антыпамешчыцкія і антыцарскія настроі. Для чарадзейных казак, запісаных А. К. Сержпутоўскім, характэрны глыбокі псіхалагізм і мяккі лірызм, якія дапамагаюць раскрыццю дынамікі чалавечых пачуццяў. Казкі ўводзяць слухачоў у чароўны свет музыкі, мастацтва. Яркім прыкладам можа служыць казка «Музыка і чэрці».
Чарадзейная казка ў своеасаблівай фантастычнай форме адлюстравала сапраўдныя ўзаемаадносіны класаў, паказала вострыя супярэчнасці паміж імі, больш таго – падказала шляхі іх пераадолення. Гэта ўрэшце прывяло да паступовага затухання чарадзейнай казкі. Яе рашуча выцесніла сацыяльна-бытавая казка, якая асабліва палюбілася народу.
Сутнасць сацыяльна-бытавой казкі раскрываецца ў самім тэрміне. Вядомы беларускі фалькларыст А. С. Фядосік вызначае сацыяльна-бытавую казку як жанр народнай казачнай прозы, у якой праўдзіва, часцей у крытычна завостранай форме адлюстроўваюцца грамадскія і сямейныя з’явы, быт і жыццё працоўных, высмейваюцца сацыяльныя тыпы і чалавечыя недахопы[66].
Сацыяльна-бытавая казка адрозніваецца ад чарадзейнай перш за ўсё спецыфікай фантастыкі. Барацьба ў сацыяльна-бытавой казцы вядзецца не паміж асілкамі і фантастычнымі пачварамі, а паміж прадстаўнікамі антаганістычных класаў грамадства. Героі казкі – звычайныя людзі. Яны перамагаюць сваіх ворагаў дзякуючы мудрасці, жыццёваму вопыту, знаходлівасці, спрыту. У аснове канфлікту паміж багатымі і беднымі ляжаць сацыяльныя супярэчнасці. Падчас у гэтых казках даюцца бытавыя замалёўкі. Ідэі, думкі, учынкі станоўчага героя блізкія простаму народу. Усё гэта надае асаблівую каштоўнасць сацыяльна-бытавым казкам, садзейнічае іх папулярнасці ў народзе. «Гэтыя казкі, – пісаў В. Р. Бялінскі, – у тысячу разоў важней за ўсе багатырскія казкі, таму што ў іх ярка адлюстроўваецца народны розум, народны погляд на рэчы і народны быт. У апошніх адносінах яны могуць лічыцца найкаштоўнейшымі гістарычнымі дакументамі»[67].
Сапраўды, цяжка знайсці іншы жанр вуснай народнапаэтычнай творчасці, у якім матывы класавай барацьбы займалі б такое значнае месца, як у сацыяльна-бытавой казцы. У казцы «З чаго ліха на свеце» народ спрабуе разабрацца ў сутнасці класавага грамадства, у прычынах існавання няроўнасці і несправядлівасці. Народ верыць, што гэтае зло не будзе жыць вечна. Быў жа час, пераконвае нас казачнік, калі «не было ні паноў, ні мужыкоў, а так сабе людзі жылі-пажывалі, ані аб чым не клапаціліся».
66
67