Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахарэвiч страница 17
Ўсё зьведана! Няма чаго прамовіць болі!
Адно ёсьць – вершыкі, што ўжо ў агні гараць,
Адно ёсьць – п’яны раб, што вас не паважае,
Адно ёсьць – пусткі сум, што сэрца уражае”.
Таямнічы Баціл – гэта, відаць, мім, комік, які жыў у Рыме часоў імпэратара Актавіяна Аўгуста, весяліў плебеяў і патрыцыяў і нават заснаваў сваю школу пантамімы. Вядома, пішучы пра Рым, Вэрлен меў на ўвазе свой Парыж, “падупаласьць” якога францускі паэта апяваў усё жыцьцё. У арыгінале ня Рым, у арыгінале – Імпэрыя…
“Je suis l’Empire à la fin de la décadence,
Qui regarde passer les grands Barbares blancs…”
Кожны, хто нарадзіўся ў Імпэрыі часоў заняпаду, – сатурніянец, ён чакае белых барбараў і спадзяецца на блазнаў. Блазны, оргіі, культурная нэкрафілія – знакі блізкай сьмерці. Позьні СССР, мая Імпэрыя, была тэрыторыяй улады плебеяў, яна дала сьвету столькі блазнаў, але так мала паэтаў. Магчыма, таму ў гэтай Імпэрыі так хацелася рамантыкі: мушкетэраў, д’артаньянаў, робін гудаў, жанаў д’арк і шэрлакаў голмсаў. Магчыма, таму яна так любіла П’ера Рышара і Люі дэ Фюнэса.
“Падупаласьць”, “пусткі сум” – стыхія Вэрлена, ягоная восень, ягоная заганнасьць, ягоная радзіма. На такім грунце прыдумаць сваю Беларусь было немагчыма. Такое пачуцьцё, што Багдановіч усё сваё нядоўгае жыцьцё мучыўся гэтай супярэчнасьцю: як прымірыць у сабе балючы дэкаданс Вэрлена, да якога яго няўмольна цягнула, і здаровы беларускі нацыяналізм, што пах узаранай зямлёй, а не салодкай спарахнеласьцю і гнільлю.
Цяпер правыя крычаць пра заняпад Эўропы і мараць вярнуць яе ў залатое імпэрскае мінулае, калі кожны раб ведаў сваё месца і барбара можна было вызначыць па колеру скуры. Яны ня ведаюць, ня могуць усьвядоміць, што стан Імпэрыі – гэта стан пэрманэнтнага заняпаду, стан пастаяннага гніеньня. Імпэрыя ня можа ня быць падупалай – гэта тая куча мёртвага лісьця, на якой яна будуе свае палацы, замкі, калёны, помнікі. Ці вакзалы са статуямі на даху – быццам выпраўляючы іх у вечнасьць зь білетам у адзін канец.
12. Мова. Салавей. Тэатр
Нават калі табе не пашчасьціла трапіць у школу з францускай мовай, ты яе ўсё роўна рана ці позна пачуеш.
Маімі першымі францускімі словамі былі, ясная рэч, “пуркуа па” (“почему бы не-е-ет?”), “а ля гер ком а ля гер” і “вуаля”. Усе з “Трох мушкетэраў”. Нужны паріжу деньгі – сэ ля ві. Гэта пазьней ужо ў памяці назаўжды захрасьне дурацкае “жэ нэ манж па сіс жур”. Пра “Банжур, мадам” і “Арэвуар” гаворкі няма, зь імі і так ясна. Скончыцца ўсё мусіла банальным “жэвузэмам”. Аднак выйшла інакш.
На першым жа ўроку нашая з табой настаўніца Віка навучыла нас прымаўцы: “chacun est l’artisan de sa fortune“. То бок кожны каваль свайго шчасьця і партызан свайго лесу. Яна наогул любіла даваць нам прымаўкі ў якасьці хатняга заданьня: так мы даведаліся, напрыклад, што qui vivra verra, і гэта аказалася чыстай праўдай.
Прымаўкі, што па-француску, што па-беларуску, заўжды нясуць у сабе дадатковыя, лішнія, але дужа цікавыя