Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахарэвiч страница 13
“НАЧАЛЬНІК. Скажэце мне: вы ўчора грабілі кватэру грамадзяніна Боршчыка на Архірэйскім завулку?
МІКІТА. Нічога падобнага, мусье таварыш. Я ня грабіў, – мяне, меджду протчым, грабілі – фрэнчык формельны, боты жоўценькія зьнялі…
НАЧАЛЬНІК. Не загаварывайце зубоў, а кажэце праўду.
МІКІТА. Праўду кажу, ваша чырвонасьць, – даліпан, я не грабіў, меджду протчым.
СЬПІЧЫНІ. Пазвольце вам, гражданін рэгістратар, не паверыць: я сам, стоячы на сквэры, каля вадакачкі, бачыў, як вы зь іншымі цягалі рухомую маёмасьць з кватэры таварыша Боршчыка.
МІКІТА. Э! так бы і сказалі, гэр Сьпічыні, што я цягаў. Але я ня грабіў. Усяго таго было, што я па загаду свайго, меджду протчым, начальніка насіў гэтыя рэчы яму ў гасьцініцу «Парыж».
СЬПІЧЫНІ. Паложым, гэта таксама грабёж.
НАЧАЛЬНІК. I што далей было?
МІКІТА. Нічога. Там у нумары, куды я зносіў рэчы, сядзелі нейкія маладыя, меджду протчым, мусьі ў форме і нейкія маладыя, меджду протчым, мамзэлі бяз формы ды выпівалі пазнанскі лікёр.
НАЧАЛЬНІК. I вы тых рэчаў к сабе ў хату не цягалі?
МІКІТА. Ані падвязачкі не прыцягнуў! Ага! Маю нават сьведку. Мамзэль Наста была ў тэй самай кампаніі, дзе выпівалі, і бачыла, што я начальнікавы рэчы ўсе там складаў.
НАЧАЛЬНІК. Мы ўсё-такі маленькія агледзіны зробім вашых рэчаў, каб часам памылкова не запуталіся між імі і чужыя. (Робяць збольшага рэвізію. Начальнік знаходзіць кошык з бутэлькамі.) А гэта не награбленая гарэлка?
МІКІТА (набок). Оеей! Оеей! зусім прапаў і з костачкамі нават. (Да Начальніка.) Гэта… гэта не гарэлка, а, меджду протчым, лікёр пазнанскі, ваша таварыскасьць. На гандаль купіў, на свабодны гандаль, меджду протчым”.
Рэвалюцыі ўсе на адзін твар. Як гатэлі. Гэткі самы дыялёг мог бы адбывацца ў Парыжы часоў Вялікага Францускага Закалоту або ў эпоху Камуны – і ў зваротах Зноска да начальства чуюцца тыповыя безгустоўныя рэвалюцыйныя наватворы. “Вашая чырвонасьць” – гэта амаль як тэрмідор, а мамзэлі бяз формы – гэта, відавочна, Свабоды на барыкадах, у якіх зьявілася вольная хвілінка. У такія хвілінкі і лезе ў вялікую гісторыю маленькі чалавек, яе ахвяра і яе любімы гатунак мяса.
9. Рэчы. Дотыкі. Сьмерць