Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахарэвiч страница 15
Цікава, як яны жылі тут у сваіх гатэлях. Мабыць, азіраліся навокал з мужыцкім практычным інтарэсам і гідлівай савецкай цікаўнасьцю: добра жывуць буржуі… а во, глядзі: вежа! Ежа! Пірожныя! Жырна жывуць! а во негры! а мы ж таксама пэрсоны важныя, не абы-хто. Савецкія пісацелі! Колас мусіў нешта сказаць з высокай трыбуны – але ён быў госьць трэцяга эшалёну, асноўныя ролі належалі расейцам, немцам-эмігрантам і французам. А сам Кангрэс быў прыватнай ініцыятывай пракамуністычных парыскіх літаратараў, найперш Люі Арагона, а таксама прымкнулых да яго Мальро, Блёка і Рышара. Грошы на арганізацыю ім употай сунуў Крэмль. Большасьць запрошаных на Кангрэс зорак першай велічыні далікатна адмовіліся, спаслаўшыся на шчыльны графік або здароўе: не прыехалі Шоў, Ўэлс, Томас Ман. Што праўда, брат апошняга на паседжаньнях зьявіўся. А недзе па тых самых вуліцах, дзе хадзілі ўдзельнікі Кангрэсу, бадзяўся паўсьляпы Джойс: пра тое, што тут побач нейкія волаты духу ратуюць культуру, ён нават не падазраваў.
Вось жа, 21 чэрвеня 1935 году. Парыская заля Mutualité перапоўненая. Шакалы выюць – волаты літаратуры пазіруюць: цікава, да каго прыстроіўся наш дзядзька? З кім хацеў зрабіць сэлфі? Пісьменьнікі застываюць у пагрозьлівых позах. Мысьляр зь пяром – як «Дзяўчына зь вяслом»: вобраз ужо тады пазнавальны і пашлаваты, але стрымацца немагчыма. Стомлена-безуважны позірк, далонь падпірае гіпэрбалічна магутны лоб, увесь у мэтафарычных зморшчынах, люлька ў зубах – або цыгара… З аднаго СССР прыехала цэлых дваццаць інжынэраў чалавечых душонак – у тым ліку загадкавы для бальшыні ўдзельнікаў кангрэсу літаратар Yakoub Kolass de Zaguibelka.
Уласна кажучы, абараняць культуру ў 1935 было ад каго. Сьвет каціўся да вайны, як пусты інвалідны вазок. У суседняй Нямеччыне зусім нядаўна на ўсю моц палалі кнігі, а над папялішчамі дагэтуль стаяла рэха маладых звонкіх галасоў, якія ўрачыста паўтаралі свае заклёны на самай «культурнай» мове сьвету: «…Супраць дэкадансу і маральнага распаду! За традыцыі і парадак у сям’і і дзяржаве! Я аддаю агню сачыненьні Гайнрыха Мана, Гайнрыха Глезэра і Эрыха Кестнэра! Супраць фальшаваньня нашай гісторыі і пагарды да яе найвялікшых асобаў, за пашану да нашага мінулага! Я аддаю агню сачыненьні Эміля Людвіга і Вэрнэра Хэгемана! / Супраць літаратурнай здрады салдатам сусьветнай вайны, за выхаваньне народу ў тым духу, які здольны абараніць яго!