Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахарэвiч страница 14

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахарэвiч

Скачать книгу

і геаграфія – навукі мёртвых, сьвет сьмерці, сьвятло з таго боку. Яны робяцца тваімі, пачынаюць для цябе нешта значыць, толькі калі ты прымераў іх на сябе. Напрыклад, адчуў цеплыню халоднай старой вопраткі.

      На блышыным рынку каля Porte de Clignancourt мы доўга стаялі каля калекцыі адзеньня канца дзевятнаццатага-пачатку дваццатага стагодзьдзя: мацалі яго, удыхалі ягоны пах, уяўлялі яго на сабе. Рэчы памерлых людзей, іхны гардэроб – мне запомнілася, што ўсе гэтыя сукенкі, фракі, накідкі мелі нейкую нягнуткасьць, цьвёрдасьць, непадатлівасьць, як быццам іхныя ўладальнікі супраціўляліся нашаму бесцырымоннаму ўварваньню ў іхныя шафы. Але мы не надзявалі гэтыя шыкоўныя рэчы. Я запомніў, як мы сыходзілі ад таго страшнага і страшна прыцягальнага месца – з глыбокай пашанай, моўчкі, з захапленьнем людзей, якія толькі што зазірнулі ў старую шафу і пабачылі там строгіх мужчын і чапурыстых дамаў, што сумна і ўмольна прыклалі пальцы да вуснаў: нікому не расказвайце, што мы тут. Мы памерлі. Мы не адчуваем ні цяпла, ні сьцюдзёнасьці. Мы голыя і чыстыя, не глядзіце на нас, мы аддалі вам свае рэчы, выканаўшы апошні доўг.

      Але адзеньне – гэта стракатасьць, памеры, формы, гэта дзікае гальлё, адзеньне – гэта расьліны. Звычайныя маленькія і простыя рэчы існуюць інакш – як раскіданыя між расьлінамі камяні.

      Камень доўга трымае цяпло. Калі мы жылі ўлетку ў Друйскім кляштары, размаўлялі пра гэта з айцом Сяргеем Сурыновічам. Мы размаўлялі пра тое, як нагрэтыя сонцам каменныя муры падтрымліваюць у кельлях прыдатную тэмпэратуру і як холадна ў тых кельлях узімку, бо гэтаксама надзейна муры захоўваюць ледзяны холад.

      Блышыны рынак на Porte de Clignancourt – вялікі, як горад, і напоўнены падманлівым чужым цяплом, быццам у ім жывуць цені.

      Ці ня тут Максім Танк напісаў некалі свой ня самы ўдалы верш “Лёс”.

      На парыскім на Блышыным рынку / Раз мяне паклікала катрынка. / Папугай з далёкага Самоса / Падарыў канвэрт мне з маім лёсам. / Я раскрыў канвэрт, пісьмо чытаю / Што ж мяне наперадзе чакае? / А чакаюць мяне дні трывогі, / Новыя краіны і дарогі, / Новыя сябры, сустрэчы, страты / I ў бурлівым моры вал дзявяты… / Што ж, я ўдзячны, дружа выпадковы, / За мой лёс і шчодры і суровы, / Лёс, якому пазайздросьціць кожны / На шляхах жыцьцёвых падарожны.

      Мы з табой катрынак ня чулі і ніякіх асаблівых папугаяў тут не заўважылі – пэўне, вымерлі, нягледзячы на пацяпленьне клімату. А можа, і не было ніякіх папугаяў, пагатоў “з далёкага Самоса”. Мала таго, што Танк тут блытае Самоа, грэцкі Самас і нікарагуанскага дыктатара Самосу – ён яшчэ і бессаромна гуляе на тым, што большасьць ягоных чытачоў нікуды далей за Берасьце выехаць ня могуць. Але што такое блышыны рынак – разумеюць добра. Барахолка на Porte de Clignancourt нагадвае ўсе іншыя блышыныя рынкі сьвету. Прадаўцы мерзнуць, турысты прыцэньваюцца, твар у тавар, тавар у твар, і твар адбіваецца ў тавары: ствараецца ўражаньне, што тут усе знаёмыя і ўсе рупліва робяць адну справу, але гэта ня так. Блышыны рынак – месца для людзей, якім няма

Скачать книгу