Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры - Альгерд Бахарэвiч страница 12
На букіністычных мапах Парыжу нас не існуе. Гэта, вядома, рука Масквы – якая пяшчотна абдымае нагу няўдзячнай Эўропы, але ад выкрыцьця гэтай эратычнай змовы лягчэй ня робіцца. Не збылося прароцтва настаўніка Мамона, зробленае ім для свайго прыяцеля Самсона Самасуя:
“Твае мэмуары будуць перакладзены на нямецкую, ангельскую, францускую і нават готэнтоцкую мову! Каб я меў час і здольнасьць, я зараз пачаў-бы перакладаць на гэтыя 4 мовы…”
Відаць, часу ў Мамона не знайшлося – хоць здольнасьці былі. Мрыя па-француску дагэтуль няма – а рознай чухні, зь якой асацыюецца Ўсходняя Эўропа, заваліся…
Калі твая краіна не існуе ў кнігах – значыць, яна не існуе наогул. І гэта мусіла б выглядаць трагедыяй ці фарсам, як каму падабаецца (беларусам трагедыя падабаецца больш, таму што гэта слова зь іхнага штодзённага лексыкону – ды і казьліныя песьні нам неяк больш звычныя). Але мне ўсьведамленьне нашай адсутнасьці дорыць імгненьне гордасьці і радасьці. Хваляваньне, якое ўзьнікае, калі ты разумееш, што зваліўся на іх усіх зь месяца, што цябе няма, ты чалавек зь няісных, прывідных кніг, нельга прамяняць на якое іншае: ні на нацыянальную гордасьць, ні на абурэньне, ні на крыўду. Пагатоў Парыж такой драбязы ня чуе.
Пагатоў ты ёсьць. Ты і твая краіна, якую табе ўдалося працягнуць у Парыж амаль кантрабандай. Вось мы з табой заходзім у нашую кнігарню “Shakespeare and Company”. І ў вочы адразу кідаецца чорная тоўстая кніжка, што ляжыць недалёка ад касы: анталёгія “Best European Fiction-2016”, выдадзеная ў Амэрыцы. У ёй – маё апавяданьне “Талент заіканьня”, перакладзенае на ангельскую Верай Рыч. Мы бачыліся зь ёй толькі аднойчы, у Брусэлі. На ёй было чорнае паліто, прыгожа засыпанае кацінай поўсьцю. Яна пахла коцікамі і геніяльнасьцю. Вера Рыч курыла мужчынскія цыгарэты, мы выпілі па каве і памаўчалі. А потым яна памерла. І вось цяпер дзякуючы яе перакладу я – адзіны беларускамоўны аўтар, тэксты якога мы за месяц знайшлі ў Парыжы, хай сабе і па-ангельску. Яшчэ ў расейскай кнігарні на авэню дэ Вальтэр мы бачылі Сьвятлану Алексіевіч у трох тамах, а на днях расейскай кнігі ў Парыжы, кажуць, будзе прэзэнтавацца і намінавацца на прэмію пераклад ці то з расейскай, ці то зь нямецкай на францускую “Гораду Сонца” Артура Клінава. Вось і ўсё. Адзін “Талент заіканьня” на ўвесь Парыж.
“Shakespeare and Company” у Парыжы – гэта нашая парыская кнігарня ЛогвінаЎ, нашая тутэйшая кнігарня Галіяфы, нашая Кнігарня пісьменьніка і нашая кнігарня “Веды” ў Сталіцы сьвету. Мы ходзім туды па панядзелках – як і ў Менску кожны