Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч страница 16
За гэтую ноч яны сталі адно адному неяк бліжэйшымі. Прынамсі, прачнуўшыся раніцай, Сафія зь нейкім дзіўным задавальненьнем падумала, што яна ў кватэры не адна, і вырашыла, што часам сьвякруха здольная прымаць разумныя рашэньні. Так ці інакш, прысутнасьць побач Данілы дапаможа ёй трымаць сябе ў руках. Не расслабляцца, сачыць за сабой, не дазваляць сабе гістэрык, жыць так, як павінен жыць чалавек, які чакае, проста – жыць.
«Табе, напэўна, праць шмат што трэба?» – спытала яна, і Даніла, нібыта даўно чакаў гэтага пытаньня, імгненна нахіліўся і з палёгкай сунуў ёй, трохі агаломшанай, вялікі пакет. Яна стала сартаваць ягоную бялізну, даведаўшыся пра некаторыя рэчы, датычныя Данілавага жыцьця: пра няведаньне ім сваіх памераў, пра самотныя ночы, пра бездапаможную эканомію, то бок любоў да таннае сынтэтыкі, пра мазалі, пра тое, што часам брат яе мужа ходзіць у шкарпэтках па нейкіх мурашніках, пра…
«У цябе… – яна прыйшла ў перадпакой, дзе ён абуваўся. – У цябе на правай… Не, на левай назе няма пальца. Вялікага».
Сафія была такая разгубленая, амаль вінаватая, нібыта гэта яна спрычынілася да страты таго пальца.
«Адкуль ты ведаеш?» – ён выпрастаўся.
Сафія моўчкі паказала яму ягоную шкарпэтку. Даніла агледзеў яе, абнюхаў, засьмяяўся.
«На нагу неяк адна рэч упала. Вялікая рэч. Цяжкая».
«Тэлевізар? Лядоўня?»
«Горш. Статуя».
«Што ж ты зь ёй рабіў?»
«Нічога асаблівага. Ну, я пайшоў?»
Разважаючы, што можна рабіць са статуямі, Сафія прыйшла да высновы, што там, за мяжою, Даніла працаваў грузчыкам. Ну, можа, не заўсёды, можа, падпрацоўваў – значыць, ня надта весела яму там жывецца. Яна вымыла падлогу ў кухні, разагнулася – і ўбачыла Данілу, які стаяў пасярод двара – там, каля кантэйнэра са сьмецьцем, таго самага кантэйнэра. Яна была ўпэўнена, што Даніла цяпер едзе ў мэтро, едзе кудысьці, дзе можна знайсьці хаця б нешта: зачэпку, дапамогу, грошы, сьляды, нешта, што засталося ад Сіманенкі, не магло ж ад яго нічога не застацца. Ёй раптам стала ясна, што ніякага пляну ў Данілы пакуль што няма, яна зразумела, штó ён робіць там, у двары, замершы ля сьметніку, ёй і самой часам карцела зрабіць гэта – стаць там, агледзецца, чакаючы, што знаходжаньне ў гэтым месцы само па сабе нешта падкажа. Але яна ведала, што падказак там ніякіх не было. І ёй не хацелася, каб суседзі бачылі такую бясьсільнасьць, бо што гэта, калі не бясьсільнасьць – прыходзіць на месца зьнікненьня і бязмэтна стаяць там; гэта тое самае, што наведваць пустую магілу. Ёй не хацелася шкадаваньня. Ёй хацелася гаварыць пра Сіманенку – гаварыць доўга, падрабязна, злосна, і чуць, як пра яго гавораць іншыя.
Ну што, што ён мог там убачыць? Ён пераступае з нагі на нагу, ён закурвае, ён думае, што ніхто не зьвяртае на яго ўвагі. Ён падобны да яшчэ не зусім зламанага лёсам бадзягі, які чакае зручнага моманту, каб пакорпацца ў сьметніцы. Даніла абводзіў вачыма навакольле,