Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч страница 13
Танкіст, вусач, маскаль, камуніст, вызваліцель – што яшчэ трэба, каб тваім імем назвалі вуліцу ў Менску? Толькі памерці. З гэтым была праблема. У гонар жывых вуліцы не называюць. Чакаць давялося доўга. Ротмістраў усё жыў і жыў, а вуліца заставалася безыменнай. Але што паробіш, у Сьвятога Маразму цярпеньня паболей, чым у простага чалавека. Вёска Шабаны перастала існаваць, зьявіўся мікрараён. Вось табе гатовы Маўзалейчык. Памерламу надоечы ў Маскве барыну якраз будзе па чыну, падумалі ў Менску. Не праспэкт жа ягоным імем называць.
6
На парозе стаяў Сіманенка.
Схуднелы, сур’ёзны, з заўважна паразумнелымі вачыма, няголены, паміж расстаўленых ног – заплечнік, у руцэ – гвазьдзікоў букет, сам – пасівелы брунэт. То бок, не Сіманенка, вядома ж, але нехта дужа падобны. Сафія нацягнула на плячо шлейку камбінацыі, заміргала, закрываючы рукой грудзі, зморшчылася, пазяхнула і прыгадала.
(…«Мы, канечне, патэлефанавалі яму, ён, канечне, прыедзе, – хутка казала сьвякруха, чымсьці пазвоньваючы – ці то чайнай лыжачкай, ці то ключамі ад сьвёкравага сэрца. – Самалётам. Канечне, пажыве ў цябе. Так мы вырашылі. Табе адной, канечне, нельга заставацца ў такі час. Вядома, дапаможа табе, пакуль ня вернецца твой…»
Тут сьвякруха закалацілася ў плачы, і звон зрабіўся бесьперапынны. А за кватэру хто плаціў? Сіманенка. Яна пасьпела прыкінуць: грошай, заробленых Сіманенкам, ёй мусіла хапіць амаль на год – калі жыць сьціпла, эканомячы на ўсім, чым можна. Таму Сафіі нічога не заставалася, як безь пярэчаньняў прыняць гэты пазаўчорашні ультыматум сьвякрухі. Яна купіла таго-сяго, думаючы, што госьць, а пагатоў – госьць-жылец ёсьць зьяваю непрадказальнай і ўсё адно чагосьці ня хопіць, давядзецца зноў думаць за дваіх, гатаваць на дваіх, улічваць прысутнасьць, не расслабляцца і, напэўна, зноў часам гаварыць што прынята, а ня тое, што мае значэньне. Але I will survive, вырашыла яна, мо гэта і да лепшага…)
«Данілка, – сказала яна, шырока і ласкава ўсьміхнуўшыся. – Заходзь, чаго стаіш? Сказалі, ты ўвечары прылятаеш, я не чакала так рана».
«Здароўкі, сталіца Баўгарыі», – прамовіў ён хутка