выкіне пакет, спыніцца каля бака, паглядзіць на тапкі, на пакет выкінуты, і апануе яго сумнеў. А як сумнеў апануе, то стане яму д’ябал шаптаць: вось стаіш ты тут, каля сьмецьцевага баку, такі сабе ў тапках, і ніхто цябе ня любіць, і дома адны папрокі і сьпінагрызьзе. Падумае мужык і пагодзіцца: а праўда ж, папрокі і сьпінагрызьзе. А д’ябал – ён жа разумны, як баба, нячысьцік гэты, ён ведае, што ім сказаць, каб як найхутчэй дайшло – дык д’ябал далей песьню заводзіць: ты ім і тое, і тое, і сёе, і растакое – а яны табе толькі: грошы давай! Падумае мужык і скажа сабе: а праўда, я ж ім і тое, і растакое, а яны мне… А д’ябал далей: ты, у тапках, мудзіла! А мужык падумае: а і праўда, мудзіла я, бо ніхто мяне ня любіць, нават жонка, нават дзеці. А д’ябал яму: вось што ты толькі што на сьметнік выкінуў? А мужык адказвае: пакет са сьмецьцем. Вось я і кажу – мудзіла, зашэпча д’ябал, – ты падумай. Падумае мужык і падасца яму, што ён дапяў да сутнасьці. Гэта ж я маладосьць сваю і сілу толькі што выкінуў, скажа мужык і заплача. Мужчыны, яны, Сафія, дужа сэнтымэнтальныя. Яны больш за жанчын плачуць, гэта навукай даказана. Заплача такі ў тапках і скажа сабе: гэта ж я шчасьце сваё мужыкова выкінуў толькі што на сьметнік, як казёл апошні. І паедзе, як быў, у тапках, да блядзіны якой, бо падумае, што тая шчасьце ягонае падабраць можа, памыць, пачысьціць і на стол паставіць. А блядзіна дык і радая, уся нафуфырыцца, паголіцца, падмыецца – і чакае ўжо. За таксі заплаціць. Пральна, яна ж за ім не глядзела, калі ён з пахмельля падыхаў, калі яго ў гаражах манціроўкай па галаве стукнулі, калі яго ў паліцыі ўсю ноч мучылі, як нечалавека нейкага, за тое, што ён у мэтро заснуў, яна ж яго з арміі не чакала два гады, яна ж не пахала як конь, калі яго па два-тры тыдні дома не бывае. Твой Сіманенка, вядома, па гаражах уначы ня ходзіць, нічога не скажу, але наконт блядзіны я б на тваім месцы падумала, вылічыла б хто, хочаш, разам пасядзім, сьпіс складзем, кандыдатак прамацаем, чуеш, Сафія?»
Але не было ўжо ў кухні ніякай Сафіі. Суседка выпіла адзін кілішак, другі, журботна зьела лыжку ікры, зьняла з ручкі дзьвярэй рэмень і пайшла ў нетры кватэры займацца выхаваньнем.
Раніцай Сафія патэлефанавала сьвякрусе і, палохаючыся свайго голасу, распавяла ўсё як ёсьць. Яна яшчэ ніколі ў жыцьці не прамаўляла такія рэчы і таму адчувала сябе так, нібы вымушаная хлусіць. Як яна і чакала, на супакаеньне не было чаго разьлічваць – ёй самой давялося супакойваць сьвякруху, чаго Сафія дужа не любіла. Сьвякруха, аднак, з удзячнасьцю прымала суцяшэньні і патрабавала новых. Сафія наогул не выносіла патасу, ні ў якім выглядзе, і лічыла, што ўсе гэтыя словы, якія гаворацца выключна з мэтай іх сказаць, без увагі на канкрэтнае значэньне, словы абстрактныя і туманныя, словы, якія паразытуюць на традыцыі, словы, якія камусьці важна пачуць, што б яны ні значылі – гэта словы лішнія, нявартыя таго, каб быць у лексыконе прыстойнага чалавека. Кожны раз, калі яна была вымушаная іх вымаўляць, ёй здавалася, што ёй зараз зарагочуць у твар, а то і поўху ўлепяць, крыкнуць: «Што за лухту ты вярзеш!» – але ніхто так чамусьці не рабіў і з удзячнасьцю прымаў вымучаныя, бляклыя, мёртванароджаныя словы Сафіі. Больш за ўсё, здаецца,