Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч страница 8

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч Другі фронт мастацтваў

Скачать книгу

«24 жніўня», яна кінула паліць, пачаўшы такім чынам падрыхтоўку да гэтай важнай даты. Часам усё ж, прыкінуўшы меркаваную працягласьць Сіманенкавай адсутнасьці й аб’ём ягонай сёньняшняй занятасьці, яна дазваляла сабе цыгарэту-другую на бальконе, але не злоўжывала. Усе яе недапалкі дагэтуль ляжалі ў траве пад бальконам, яна бачыла іх кожны дзень, паліваючы кветкі, магла паказаць кожны на сьледчым экспэрымэнце, але Сіманенка ні пра што не здагадваўся. А тут наогул незразумела, ці мае яшчэ дзень 24 жніўня нейкі сэнс і з кім яна яго сустрэне. І ў якім выглядзе. Можа, у жалобнай сукенцы. Зрэшты, нават такое разьвіцьцё падзей не вызваляла б Сіманенку ад адказнасьці. Зьнікаюць яны, панімаеш, на сьмерць намякаюць. Муж адной знаёмай галадоўку абвясьціў, невядома зь якой прычыны. Знаёмая казала, нібы з-за палітыкі. Сафія зь цяжкасьцю магла ўявіць сабе чалавека, здольнага адмовіцца ад ежы дзеля палітыкі. А калі і магла, вобраз гэты не выклікаў у ёй нічога, апрача пагарды. Два тыдні муж знаёмай сядзеў на кухні, піў ваду, курыў, здымаў сябе вэб-камэрай і матам лаяўся на ўладу. Потым месяц ляжаў у шпіталі з атручаньнем. Бо ў першы дзень наліў ваду ў слоік, зь яго й піў, а слоік быў брудны, у ім нават знайшлі нейкую кішэчную палачку. Ад кішак не ўцячэш, нават калі захочаш, думала Сафія, з асалодаю закурваючы. Зноў жа – яна прыцягнула на балькон крэсла – рэч у адказнасьці. Калі маеш жонку і дзяцей, мусіш сам жэрці і іх карміць. А не галадаць і не зьнікаць ля сьмецьцевых кантэйнэраў. Можа, і добра, што краіна ў моцных руках. Каб на адказнасьць не забываліся.

      На шчасьце, Сіманенка быў ня схільны да галаданьня. Бязь мяса ён бы на другі дзень падох. Колькі яна ні старалася паўплываць на яго – Сіманенка жэр, абрастаў тлушчам, сьвяціўся. Яна ажно пачула, як ён рохкае ў спальні. Нечакана ёй стала шкада беднага Сіманенку, які блукаў цяпер недзе па сьвеце, ня маючы ні кавалка мяса, у адных тапках, яна ўявіла, як ён баязьліва стаіць каля нейкай перасоўнай крамкі, робячы выгляд, што прыцэньваецца, як яго, такога вялікага, схуднелага, недалёкага, адцірае злая чарга, а ён выцягвае над ёй сьветлую віхрастую галаву, маркотна любуючыся недаступнай канінай.

      Яна набрала Верку. Капсама аланы, як заўсёды. А Вярок, відаць, працуе. Ёсьць плюс у яе працы – у яе кожны дзень мужыкі зьнікаюць, і ніхто не бядуе, падумала Сафія. Яна дакурыла, села перад тэлефонам, пачала глядзець на яго так засяроджана, што нават калі б ён быў фэнам або пыласосам, усё адно абавязкова зазваніў бы. Але было ціха, так ціха, як ніколі не было яшчэ ў жыцьці Сафіі. Трэба было дзейнічаць. Яна набрала Сіманенкавага сябра і распавяла яму, запінаючыся, што здарылася.

      «Не, ня ведаю, – сказаў сябра Сіманенкі. – Ты ў паліцыю тэлефанавала?»

      «Сказалі, калі праз тры дні ня вернецца, будуць шукаць, – адказала Сафія спакойна. – …І галоўнае – у адных тапках. Ты падумай, можа, ён табе гаварыў што надоечы? Ну там, пра мяне, і наогул… Там, маўляў, дастала ўсё, не магу больш?»

      «Не, Сафія, – сказаў сябра Сіманенкі. – Нічога такога.

Скачать книгу