Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч страница 12
Гэтаксама як мову, паводле акадэміка Мара, можна зьвесьці да чатырох першасных элемэнтаў – так і Шабаны складаліся з чатырох галоўных вуліц: Ротмістрава (Рош), Сяліцкага (Сал), Бачылы (Бэн) і вуліцы, якая так і называлася: Шабаны. Ротмістрава і Сяліцкага, пачынаючыся ад Партызанскага праспэкту, агіналі раён з захаду і ўсходу, на поўдні іх злучала паміж сабой вуліца Шабаны. Вуліца Бачылы дзяліла ўсё гэтае ўтварэньне на дзьве часткі і была своеасаблівай мяжой паміж старымі і новымі Шабанамі.
Вуліца Ротмістрава – назва даволі мілагучная і не стварае праблем пры ўспрыманьні яе замежнікамі. Rotmistrowstraße або Rote-Мistrow-street магла б існаваць ня толькі ў Шабанах. Самое слова «Ротмістрава», здаецца, мусіла б настройваць на вайсковы лад, бо «ротмістар» – гэта нешта трошкі польскае, але перадусім белагвардзейскае, з раньняга, кранальнага дзяцінства зь яго героямі грамадзянскай вайны і суворай каляровай герархіяй. У тых каляровых баталіях я заўжды быў на баку белых, а пазьней – фрыцаў. Можа, таму, што тагачасная прапаганда, сама таго не ўсьведамляючы, рабіла сваіх анёламі, супэрмэнамі, паўбагамі, а ўсё чалавечае заставалася на долю ворагаў? Супэрмэны хутка надакучваюць, пагуляў і выкінуў, а чалавечае, злое ляжыць у табе тонамі, ты – бяздонная бочка чалавечасьці, і цябе да яе цягне інстынктыўна.
Ротмістар стаіць прыкладна тамсама, дзе і паручнік, на пару з тым легендарным есавулам, які кінуў каня, бо прыстрэліць не паднялась рука. Такім чынам, вуліца Ротмістрава мелася стаць наглядным дапаможнікам да ўрокаў ПВП у старэйшай школе. Глядзі ў акно, натхняйся, зараджай, страляй. Ябош, як казалі ў Шабанах. Ці – эстэцкі варыянт: ейбож (ад ей-боже). Мелася, але ня стала. Чамусьці чуецца ў ёй нешта гастранамічнае, але не рэстараннае, а хутчэй сталоўскае: бо тут ёсьць рот і міса, а што яшчэ трэба – калі галодны, можна браць зь місы нават рукамі, так нават смачней. Магчыма, гэта салдацкая сталоўка. Ці турэмная. Рот. Міса. Страва? Трава. Мясам у такіх сталовых ня кормяць.
Як і належыць есавулу, паручніку, фэльдфэбэлю ці дзеншчыку, господін Ротмістровъ меў густыя вусы: сьціплая даніна адначасова Будзённаму і мужчынскай будзённасьці.