Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч страница 19
Усе яны набівалі смехам, спрэчкамі, скандаваннем вершаў, упартай працай і лёгкім адценнем цыганшчыны гэты новы сяміпавярховы дом.
Большасць з іх жыла тут кароткі час, некаторыя – даўжэй, стала – не жыў ніхто. I таму самое жыццё вызначалася вясёлай неўладкаванасцю, прадчуваннем чамаданных настрояў і пагардаю да такіх забабонаў, як шторы на вокнах і французскі замок на дзвярах.
Вясёлы, жулікаваты з выгляду літовец Баранаўскас сцвярджаў, што ад дома за вярсту нясе сухім віном і дрэннымі вершамі. I, бадай што, у гэтых словах было зерне праўды.
Дом узвышаўся над усімі навакольнымі дамамі, над мала дым бульварам, над недалёкай лініяй высакавольтнай перадачы і падстанцыяй сваімі жоўценькімі плітачнымі мурамі, прамытымі радамі блакітных вокан і чырвоным дахам.
Дом прыціхаў толькі раніцай: частка людзей была на занятках ці хадзіла па справах, частка працавала ў пакоях. А тыя, што не працавалі, не былі на занятках ці не хадзілі па справах, маўчалі: свята трымаўся закон, які забараняў шумець і перашкаджаць пісаць сябрам.
Затое ўвечары з расчыненых вокнаў усіх сямі паверхаў спявала і смяялася маладосць. Жылі весела і не заўсёды багата, нават не пачынаючы думаць пра ўласную машыну.
Потым вокны пачыналі зачыняцца, з палітых вуліц павявала свежасцю, буйны россып гарадскіх агнёў – быццам куча жарынак на бясконцай жароўні – пачынаў згасаць. I дом, разам з усім горадам, засынаў.
Толькі некалькі вокнаў – у тых, хто любіў начную працу і спасылаўся ў гэтым на Дастаеўскага, – спакойна гарэлі да позняй ночы ружовым або зеленаватым святлом.
У тую ноч, з якой пачынаецца наша апавяданне, «начнікам» не давялося спакойна папрацаваць, а тым, хто любіць спаць, – спакойна выспацца.
Па доўгім калідоры шостага паверха гучна маршыравалі два чалавекі год па трыццаці. Абодва былі трохі на падпітку. Адзін, ніжэйшы і бялявы, залівіста граў на губным гармоніку і махаў вузкім канверцікам фотатэлеграмы. Другі, больш высокі, з непрыгожым добрым тварам, удаваў гавайскую гітару, а ў перапынках гучна, на ўвесь калідор, крычаў страшэнным па сіле голасам:
– Уставайце ўсе! Досыць спаць! Уставайце, уставайце! Урра, уставайце!
Пасля адной асабліва заліхвацкай рулады і серыі крыкаў па ўсёй даўжыні калідора пачалі ляскаць і адчыняцца дзверы, а з дзвярэй высоўвацца ўстрывожаныя, заспаныя і проста незадаволеныя абліччы.
– Ур-ра! – лунала калідорам рэха.
– У чым справа, Грынкевіч? – прабасіла ўскудлачаная галава ў адных дзвярах.
Непрыгожы выхапіў з рук бялявага вузкі канверцік.
– Уставайце! Ур-ра-а! Уставайце! У Вайвадса сын нара дзіўся!
Выраз нездавальнення знік з твараў. Бязладнае «ўра!» многіх галасоў пакацілася калідорам.
Вайвадс узяў з рук Грынкевіча вузкі