Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч страница 41
– Гэта – трывожнае пачуццё чагосьці, што вось-вось можа адбыцца. I людзі ідуць змагацца з гэтым «чымсьці» ў імгле і цемры. Яшчэ поўныя сілы, а праз гадзіну, магчыма, аддадзеныя невядомаму.
Андрэй разумеў усё, што яна кажа, нейкімі падсвядомымі глыбінямі, і ўсё гэта было блізкае яму.
– Няўжо Рэмбрант з’явіўся адзін? Няўжо ніхто не шукаў разам з ім? Не… Не маглі ўзняцца да яго, але шукалі. Вось Вермеер з Дэлфта. Прасцей і натуральней нельга выявіць чалавека. Але яго цікавіў толькі гэты, толькі адзін чалавек, а Рэмбрант агульначалавечы, як кожны геній.
I боль Рэмбранта быў знаёмы многім. Але ў іх гэта быў проста безвыходны боль, а ў Рэмбранта – туга па еднасці чалавечай, туга па тым, як цяжка, мудра і нясцерпна жыць кожнаму на зямлі.
Глядзіце, вось – «Яўрэйскія клады» Ройсдала.
Яна сціхла на хвіліну. Андрэй бачыў, як ускінулася на светлы прамакутнік экрана яе тонкая рука. Адбіткі дыяпазітыва клаліся і на яе, і праз гэтую руку з плоці і крыві, тонкую белую руку, здавалася, бачна было тое, што на экране. Рука была празрыстай.
– У Бахчысараі, поруч з Чуфут-Кале, – казаў далей голас, – ёсць даліна смерці, могілкі, на якіх хаваюць караімаў з усяго свету. Нашы клады не прыгнятаюць, а гэтае будзе сніцца як кашмар. Нагрувашчанне каменных грабніц, паміж якімі часта нельга праціснуцца. Усё гэта пераплецена гліцыніямі, якія чапляюць вас за ногі і адзенне. А на грабніцах адно імя, без прозвішча і года. Быццам чалавек не варты іншай памяці. Глядзіце, хіба не такія могілкі тут, перад вамі?.. Ніжэй апусціцца нельга. А Рэмбрант добра ведаў цану чалавека, нават у безвыходным адчаі. Ён ведаў: дрэнных няма. I адзінае, што можа ўзняць чалавека, які апусціўся, гэта мастацтва. Мастацтвам гуляць нельга. Гэта не заказ і не гульня ў бірулькі, гэта сумленне зямлі… Вось «Давід перад Савулам». Хлопчык, што сам здзівіўся дзіву, якое адбываецца пад яго пальцамі. I Савул, які забіваў і атручваў, азірнуўся на жыццё, і яму стала страшна і шкада сябе.
– Бог ты мой, – сказаў ціха Андрэй, – гэта тое самае, што я думаў.
– Значыць, ты не памыляўся, – шапнуў Яніс.
– Ён ведаў, яму будзе цяжка. Ён ведаў, яму не даруюць трывогі, яму не даруюць «Асура, Амана і Эсфіра». Ён ведаў, нельга бяскарна ўзрошчваць у сабе такое. Але праўда пачуццяў была вышэй золата… у яго няма вучняў, імёны яго і Хендрык’е абліваюць брудам, ён не патрэбен сябрам. У яго адбіраюць усё, акрамя карцін – карціны нікому не патрэбны, нават крэдыторам. Паміраюць усе, каго ён любіць. I ўрэшце памірае ён сам, пакінуўшы няскончаным «Вяртанне блуднага сына»…
Голас гучаў такой глыбінёй і страсцю, што Андрэй адчуў, як яму перахапіла подых…
– Ён пераможаны, але ён перамог. Таму што нават у апошняй сваёй карціне давёў, што мастацтва можа быць такім жа складаным, як жыццё… I нават нечым больш, чым яно. Блудны сын прайшоў усе стадыі прыніжэння, ён не можа нават прыпасці да рук бацькі, бо развучыўся любіць. I ў сыне, галаву якога з’ядае парша, мы часам угадваем саміх сябе, калі нам цяжка і патрэбна рука, што можа апусціцца на тваю галаву. Нам неабходна гэта.