Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец страница 14
З вершамі было яшчэ цяжэй. Не толькі таму, што яны былі нейкія занадта простыя. Нібы падражанне ранняму Кандрату Крапіве. Яны расказвалі пра тое непрыгожае жыццё, якім жыла вёска. Расказвалі не то жартам, не то ўсур’ёз. Пра цётку Хрысціну, якая гоніць і прадае самагонку, каб заплаціць падатак. Пра школьнікаў, што ідуць босымі нагамі па бруку райцэнтра, каб купіць падручнікі, і не знаходзяць іх. Пра цётку Грыпіну, якую на вачах у людзей набіў старшыня, і ніхто за яе не заступіўся. Усё гэта была праўда, голая праўда, во яна кругом, куды ні паглядзі. Але… Мне здавалася, што ў вершах трэба пісаць пра нешта іншае – прыгожае, узнёслае. Як у Багдановіча: «Мне доўгае расстанне з вамі чарней ад вашых чорных кос…»
Было ў Віктаравых вершах такое, што адкідвала мае літаратурныя эмоцыі ўбок. Ва ўсіх вясковых бедах ён бачыў канкрэтных вінаватых. Імі былі камуністы і рускія.
– Пры чым тут адны і другія? – гарачыўся я. – Дрэнна жывём, бо такое жыццё. Была вайна, усё разбіта, развалена. А цяпер – глядзі…
– Што «глядзі»? На што «глядзі»?
– Хлеб ёсць. Во, бачыш, сала…
– Наеліся, аж з глоткі тырчыць.
– Не тырчыць, але жыць можна.
– А ты ведаеш, як трэба «жыць»? Як «жывуць» людзі?
– А як яны жывуць?
– Як? Па-людску. Разумееш, па-людску. Чалавек не павінен думаць, дзе ўзяць кавалак хлеба, каб не памерці з голаду. Гэта тое ж, як калі б ён думаў, дзе ўзяць паветра, каб дыхаць. Чалавек павінен думаць пра жыццё, якое яно прыгожае, якім яно павінна быць.
– Адкуль ты ведаеш, якім яно павінна быць?
– Ведаю.
То была праўда: ён ведаў шмат такога, думаць пра што я і не здагадваўся. Ён выкладаў нямецкую мову і беларускую літаратуру ў сярэдняй школе пад Бабруйскам, вучыўся на завочным аддзяленні інстытута замежных моваў. Не толькі дзяржаў у руках, а і чытаў нямецкія, англійскія, французскія газеты. Збіраў матэрыял для тлумачальнага слоўніка… Пісаў вершы, надрукаваць якія не адважыцца ніякі рэдактар. І пра гэта я сказаў шчыра, як мог. Але каб хоць неяк змякчыць момант, параіў паслаць вершы ў якую-небудзь газету. А раптам?..
– Нічога «раптам» не бывае. Я пасылаў ужо, – быў яго адказ.
– Ну і што?
– Вярнулі. Напісалі, што слаба. Што трэба чытаць Пушкіна і Лермантава, Купалу і Багдановіча. Вось ты кажаш: «Мне доўгае расстанне з вамі…» Вучыцца ў класікаў… А як у іх вучыцца, калі іх даўно няма? Калі б яны жылі цяпер, то, можа, напісалі б такое… Яшчэ мудрэй, чым я, га? Га-га-га-га-га!
Віктар быў Віктар: спачатку смех, а пасля… Пасля: што будзе, тое будзе.
– Дык навошта ты мне паказваеш?
– Можа, табе лягуць на душу?