Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец страница 9
Надзю хавалі на трэці дзень пасля абеду.
Заяц выдзеліў трох хлопцаў пасобіць Паўлу: пахаванне – работа цяжкая, тут аднаму нельга.
Могілкі цясніліся недалёка ад сяла, забіраючы круты рог лесу. Сонца грэла нямоцна, і сярод елак і бяроз, дзе быў пахаваны Паўлаў бацька і бераглося месца для маці, было нават прахалодна.
Людзей сабралася шмат, лічы, усё сяло – найбольш бабы, малыя, сям-там старыя мужчыны. Плакалі мала: за вайну да смерці прывыклі. Адно Хрысціна нахілялася і нахілялася над труной, нібы біла паклоны, і кожны раз нешта папраўляла ці ля ног, ці ля рук, ці ля галавы сястры. А тая ляжала светлая, суцішаная, нейкая памаладзелая. Быццам намервалася сказаць: «Во не збіралася нікуды, а мяне выпраўляюць…»
Заяц, Каганаў, некалькі разведчыкаў з атрада пад’ехалі, калі труну ўжо збіраліся апускаць у магілу. Пачакалі яшчэ некалькі хвілін, пастаялі, памаўчалі…
Заяц і партызаны, што пасаблялі Паўлу, зайшлі ў хату памянуць гаспадыню. Каганаў з разведчыкамі не засталіся, паехалі.
Ехалі лугам паўз балота. Коні ішлі галава ў галаву па высокай някошанай траве. Пераспелая трава чаплялася за капыты і ўзрывалася лёгкім сівым пылам. Калі б не аўтаматы за плячыма хлопцаў, можна было падумаць, што едуць яны ці ў сваты, ці проста да дзевак у суседняе сяло.
Каганаў і цяпер прытанцоўваў у сядле, нібы чакаў нейкага важнага паказальнага выступлення.
Яны былі недалёка ад дуба, калі Каганаў угледзеў калоду і нешта бліскучае на ёй. Не ўбачыць медную конаўку на шапцы вулля было немагчыма, так яна іскрылася пад промнямі сонца. Каганаў спыніў каня, разведчыкі прытрымалі сваіх.
Зверху ішоў роўны пчаліну гуд. Нават адсюль было відаць, што ўся калода аблеплена пчоламі: адны падляталі і хаваліся ў вузенькіх шчылінах лётак, другія адрываліся ад калоды, адляталі. Пчаліная сям’я жыла сваімі клопатамі.
– Што, там і мёд ёсць? – спытаў Каганаў.
– Мёд там, дзе пчолы, – адказаў нехта з хлопцаў.
– Трэба як-небудзь праверыць.
– А што правяраць… Сказаў Паўлу, ён і праверыць. Гэта ж іхні вулей…
– Каму вайна, а каму пчолы з мёдам… – пакруціў галавой Каганаў. Хлопцы прамаўчалі.
Каганаў зноў паглядзеў на калоду. Ірдзяная медная конаўка, як магніт, прыцягвала яго позірк.
– А хочаце, я скіну яе, – Каганаў кіўнуў галавой на конаўку і пачаў расшпільваць кабуру.
Хлопцы пераглянуліся, прыкінулі: да цэлі было метраў трыццаць, не меней.
– Не, не скінеш, дый не трэба.
– Ладна, праверым…
Каганаў узняў руку з наганам, прыжмурыў вока… Стрэл быў сухі, як удар металу па метале. Куля адшчапіла кавалачак калоды правей конаўкі. Туды адразу ж зляцеліся пчолы.
– Ну што ж, возьмем лявей… – Каганаў прыцэліўся зноў. Гэты стрэл раздаўся як быццам аднекуль ззаду, у павет ры нешта коратка ціўкнула. Той, хто бываў у баях, ведаў, што так падае голас нямецкі карабін, калі