Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец страница 12
«На Вечаркевіча» – гэта ў інтэрнаце педвучылішча, недзе на ўскраіне горада.
Дасюль я лічыў, што ў педвучылішчы я адзін з нашага балотнага клічаўскага боку, ажно ёсць яшчэ адна душа. Як вольна і смела ён дзержыцца! І гэты грубы голас, гаворыць – быццам у сябе на вуліцы.
Ён быў ужо на чацвёртым курсе. Трохі пазней ён расказаў, што пасля дзесяцігодкі паступаў у Мінск на філосафа – не прабіўся. «Мордай не выйшаў – чылых не прызнаюць». Каб не з’ядаць час, перакінуўся сюды, у педвучылішча. Узялі без экзаменаў і адразу на трэці курс.
– А хіба можна так?
– Узялі – значыць, можна.
Гэтак мы пазнаёміліся, гэтак сталі бачыцца. Хаця што такое «бачыцца»? Было, сустракаліся кожны дзень і па колькі разоў на дзень: калідоры адны, паверхаў усяго два. Было і іншае, як выпадала. Шукаць яго спецыяльна прычыны не выспявала, але па тым, што не чутно было яго конскага рогату і некалькі дзён, і цэлыя тыдні, я здагадваўся, што яго ў педвучылішчы не было.
Неяк пасля ў студэнцкай насценгазеце я прачытаў яго верш. Было прыемна, што аўтар – мой добры знаёмы, нават болей – мой зямляк. У гэтым факце быў яшчэ адзін далікатны момант: ці то рэўнасць, ці суперажыванне. Справа ў тым, што я і сам спрабаваў пісаць вершы. Але выставіцца вось так смела на людзі не адважваўся. А калі прачытаў ягоны верш, смеласці маёй яшчэ паменела.
Верш быў, як цяпер сказалі б, «дзяжурны», да свята, на ўсю першую калонку з верху да нізу. Загаловак выведзены ярка-чырвоным алоўкам: «Великому Октябрю».
То быў цэлы трактат з выхадамі ў філасофію, у далёкую і бліжэйшую гісторыю. Прысутнічалі ў вершы дзекабрысты і Пушкін, Маркс і Ленін, «Аўрора» і сцяг над рэйхстагам. Усё прадумана, выстраена ў адну лінію, лагічным вынікам якой мроіўся камунізм, які будзе пабудаваны калі не заўтра, то ўжо абавязкова паслязаўтра.
Усё ў вершы, як мне здавалася, было да месца, усё складна і прыгожа. Аўтар хадзіў па гісторыі, як па сваім садзе. І была там адна дэталь, на якой я спатыкнуўся. У шэрагу слаўных імянітых асоб прысутнічаў беларус Каліноўскі. Як і чаму ён сюды трапіў? Ён нібы не вытрымліваў маштабнага параўнання з усімі, хто праходзіў у вершы. Мужычы заступнік, тутэйшы. Ваяваў з царом, з Мураўёвым, тыя і павесілі яго. Ён нібы быў чужы ў гэтай лініі. У вершы была такая фраза: «…коса Калиновского дремлет в застрешье». Што значыць гэта «дремлет»?..
З гэтымі сумненнямі я і падышоў да земляка, калі ён з хлопцамі курыў у заваротку калідора. Ён выслухаў мяне, усміхнуўся: было відаць, што пытанне яму і спадабалася, і нечым не спадабалася. Сказаў, як адсек: «Бач ты, яму Каліноўскі не спадабаўся. Трэба вучыць гісторыю. Настаўніку гэта ведаць не лішне, гы-гы-гы!»
Ён канчаў чацвёрты курс, а я першы. Гісторыю мы яшчэ будзем праходзіць.
Калі мы засталіся ўдвух, я спытаў яго і пра другое:
– Чаму ты напісаў верш па-руску? Баяўся, што па-беларуску ніхто не зразумее?
І гаварылі мы ў педвучылішчы ўсе так, як гаварылі дома ў вёсцы, і насценгазета