Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец страница 18
![Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»](/cover_pre331710.jpg)
Віктар і тут быў спакойны, а калі пачуліся першыя музычныя акорды і пайшло прадстаўленне, ён нібы ўвесь перамясціўся бліжэй да сцэны, да аркестра.
І музыка, і драма, і ўся гэта прыгожая тэатральная бутафорыя ўцягнулі і мяне. Я быў рады, што Віктар прывёў мяне сюды. Слухаў музыку, перажываў драму, быў ва ўладзе прадстаўлення, але трывога за яго самога ні на хвіліну не адпускала мяне.
Спектакль скончыўся позна. Мы пеша ішлі па начным горадзе. Атмасфера тэатральнай дэкарацыі нібы выйшла сюды, на начныя вуліцы. Цішыня, тайна ценяў, напружанае чаканне невядомага. Доўга маўчалі. Першы загаварыў Віктар.
– Ведаеш, якую беларускую оперу я хацеў бы паслухаць? Оперу пра выгнанніка. Чалавека выгналі з роднай хаты, з роднай зямлі ў далёкі чужы свет. Ён бадзяецца як непрыкаяны, яму цяжка, яму балюча, яму крыўдна. З яго здзекуюцца, з яго пацяшаюцца – за яго прастату, за яго словы, за яго мову. За яго працавітасць, за гатоўнасць рабіць любую работу. Ён цягавіты, ён мужыкаваты. Ён усё церпіць, ён усё сцерпіць, бо ў душы ў яго жыве мара, надзея: ён чакае таго дня, калі зможа вярнуцца дамоў. Гэта мара дае яму сілы вытрымаць усё. І вось настае той жаданы дзень. Ён збіраецца ў далёкую дарогу – дарогу дамоў. Я чую гэтыя мажорныя акорды, за якімі і боль, і трывога, і слёзы. Яго спрабуе не пусціць, хоча ўтрымаць там жанчына. Яна кахае яго, яна шкадуе яго і просіць, каб ён застаўся. Яна прадчувае тыя беды, што чакаюць яго, яна ведае, што яму там будзе цяжка, а сама яна не можа пакінуць сваю радзіну, сваіх блізкіх. Але і ён не можа застацца там. Ён вяртаецца дамоў. І што сустракае яго? Першы ўдар: яго радня не прызнае яго. Радня думае, што ён прыйшоў, каб выгнаць іх з хаты, з якой некалі выгналі яго і ў якой пасяліліся яны і жывуць цяпер. І ўжо нібыта ён вінаваты, што вярнуўся дамоў. Не прызнае яго і каханая жанчына. Некалі ён пакінуў яе малой дзяўчынкай, аб ёй былі яго мары ўвесь гэты доўгі час. «Ты ж мая, ты ж мая перапёлачка…» Яна была яго перапёлачкай, яна клікала яго праз ночы і гады. Але яго сустракае не маленькая перапёлачка, а стомленая жыццём жанчына. Яна чакае дапамогі, яна шукае спакою. Ён можа дапамагчы, але даць спакою не можа. Што яму рабіць, куды ісці далей?.. Гэта драма жыцця, трагедыя душы. Калі б падаць яе праз музыку, праз слова!.. У музыцы яе мог бы асіліць Туранкоў. Праўда, яго ўжо няма. А ў паэзіі?.. Куляшоў? Надта сухі. Танк? Надта мяккі. Вось такую оперу я хацеў бы паслухаць.
Такую оперу хацеў бы паслухаць і я. Я пазіраў на Віктара, чуў яго гарачыя словы, і мне здавалася, што такая опера ўжо ёсць, што неўзабаве яе можна будзе паслухаць… Далей мае думкі пайшлі пра тое, чаму жывыя Куляшоў і Танк не могуць асіліць гэтую работу, а мёртвы Туранкоў мог бы? Чаму?..
Мы падыходзілі да інтэрната, калі прыціхлы на нейкі час Віктар раптам засмяяўся. Счакаў трохі і зноў: «Гы-гы-гы!»
– Што такое?
– Успомніў адну гісторыю. Лічы – з той жа оперы. Два першыя курсы замежнага інстытута я быў на завочным. Здаваць экзамены здаваў, але зразумеў, што замежную мову так не вывучыш. Чытаць будзеш, а гаварыць не будзеш. Патрэбна актыўная практыка, жывы кантакт. Словам, перавёўся на стацыянар. Не надта любяць такое рабіць, але зрабілі. І трапіў я ў групу выдатнікаў. Сем