Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец страница 20
Віктар маўчаў. Можна было падумаць, што ён не ведаў, куды пайсці і што рабіць. Хаця не.
Ён неяк дзіўна ўсміхнуўся, скрывіўшы твар, як збіраўся заплакаць:
– Ведаеш, мне нядаўна сасніўся сон. Страшны сон. Нібыта я ў нейкім кафэ, і мы выпіваем, і прыслужвае нам сімпатычная, гадоў пад трыццаць кабета ў светлым. І раптам нехта адзін з нашай кампаніі ўстае і груба гаворыць ёй:
– Пайшлі і прапусціш іх усіх, – і паказвае на мужчын. Кабета не здзівілася яго словам, паглядзела на ўсіх спакойным балесным позіркам, і на мяне паглядзела, павярнулася і пайшла. Усталі і пайшлі за ёй усе, колькі іх там было, – чалавекі чатыры ці пяць. Я застаўся сядзець за сталом.
Праз нейкі час напаўжывую акрываўленую кабету пранеслі цераз залу назад. За ёй ішлі тыя мужчыны, толькі цяпер яны былі ў белых сподніках, выпацканых кроўю. Дык вось – гэта была мая жанчына. – Віктар зноў усміхнуўся жаласнай усмешкай.
Я не ведаў, што сказаць. Сон сапраўды страшны, містычны: кроў на белым, белае і чырвонае… Я спытаў:
– Як ты сам жывеш?
– Аніяк, – адказаў ён злосна.
– А школа?
– Выгналі. Выгналі, і ўвесь марафон.
Я чакаў, што ён яшчэ скажа. І ён сказаў:
– Пісаў і ў Мінск, і ў Маскву. Масква перапіхвае пісьмы ў Мінск, Мінск – у Магілёў, а адтуль адно: усё правільна, усё мае быць так. Скончылася тым, што зноў на шэсць месяцаў загналі ў Пячэрск. Выпусцілі з белым білетам, з правам на пенсію, без права на працу.
– Слухай, дык гэта ж…
– Ну, – пацвердзіў ён.
– Можа, я змагу чым-небудзь дапамагчы? Усё ж газета…
– Дапамажы знайсці Ніну.
Такім разгубленым я яго ніколі не бачыў.
– У мяне твае слоўнікі…
– Хай паляжаць.
– А сшыткі твае… – Я запнуўся. Мне цяжка было сказаць, што я не ведаю, дзе яны і ці жывыя наогул…
– Пасля… – адмахнуўся ён. Нібы здагадваўся, што я маю яму сказаць.
У закутку маім павісла гнятлівая цішыня. Віктар першы не вытрымаў яе: устаў рашучым рыўком і, не развітаўшыся, выйшаў.
Праз дзень я дазнаўся адрас школы, куды пераехала Ніна, і выслаў яму. Чакаў якога-небудзь знаку ад яго і месяц, і паўгода, і год. Як гэта часта бывала з ім, ён зноў прапаў. І зноў, як камень у ваду.
Я шмат думаў над парадоксамі нашага лёсу. Жывеш з чалавекам побач – думаеш пра яго, перажываеш за яго, хвалюешся. Знік чалавек з вачэй тваіх – і нібы выпаў з твайго жыцця. І ўспамінаеш, і трывожышся, але не так востра, не так балюча.
З’яўленне Віктара ў маім інтэрнацкім пакоі было нібы вяртанне яго з таго свету. І мы зноў былі, як радня, як самыя блізкія людзі. Паехаў ён – і нібы забраў усё сваё з сабой. І чым болей ішоў час, тым радзей ажываў напамінак пра яго, тым глушэй чуўся ў памяці яго голас.
Іншае было пасля апошняй сустрэчы. Вобраз разгубленага